Агнешка Крыжаньска-Дусь, прапрапраўнучка клясыка беларускай літаратуры Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча, паведаміла, што не адразу паверыла навіне аб забароне ў Беларусі ягоных твораў як экстрэмісцкіх.
«Спачатку я не магла ў гэта паверыць. Я падумала, што гэта зусім абсурдна, каб быць праўдай. Аднак людзі, ад якіх я гэта пачула, не жартавалі», — расказала Агнешка Крыжаньска-Дусь у інтэрвію радыё Deutsche Welle.
Сваячка беларускага клясыка паведаміла, што зь цікаўнасьці знайшла ў Вікіпэдыі тэкст «экстрэмісцкага» верша «Гутаркі старога дзеда» і прачытала яго.
«Я зразумела зьмест верша, хоць ніколі не вучыла беларускай мовы, але не разумею, чым верш XIX стагодзьдзя можа нашкодзіць уладзе XXI стагодзьдзя», — сказала яна.
Агнешка жыве ў Польшчы, за 20 кілямэтраў ад Кракава. Яна настаўніца польскай мовы ў пачатковай школе Кракава, выкладае гэтую мову дзецям зь Беларусі і Ўкраіны.
«Я не зьяўляюся ні дасьледчыцай творчасьці Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча, ні экспэрткай у палітычнай сытуацыі. Я толькі выйграла ў лятарэю, стаўшы нашчадкам вядомага чалавека», — адзначыла Агнешка Крыжаньска-Дусь.
Паводле яе, у Дунін-Марцінкевіча шмат нашчадкаў у Польшчы, ЗША і Нідэрляндах, толькі ў ейным пакаленьні — 11 чалавек. Пасьля Другой сусьветнай вайны яе бабка і дзед прыехалі ў Польшчу разам са сваімі дзецьмі.
«Праз шмат гадоў, калі мой бацька ўпершыню наведаў Люцінку (цяпер вёска ў Менскай вобласьці), дзе ён правёў дзяцінства, ён прывёз здымак лесьвіцы перад тым месцам, дзе некалі стаяла сядзіба зь лістоўніцы, і кавалак ствала ліпы, якая расла побач зь ёй», — расказала Агнэшка.
Яна паведаміла, што пра сваё сваяцтва са знакамітым паэтам і драматургам яна даведалася толькі ў старшых клясах школы, калі бацька паказаў ёй з братам дакумэнты і расказаў тое, што сам ведаў пра Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча.
«Аб значэньні Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча для беларускай літаратуры мы даведаліся толькі ў 1980-я гады дзякуючы Язэпу Янушкевічу. Я шукала інфармацыю аб сваім прапрапрадзедзе, але тады без інтэрнэту гэта было няпроста», — расказала Агнэшка.
Яна таксама адзначыла, што беларускамоўныя творы Дунін-Марцінкевіча не перакладаліся на польскую мову, а польскамоўную творчасьць не ацанілі, бо ён быў малавядомы ў Польшчы.
Першы твор, які Агнэшка прачытала праз шмат гадоў, была «Пінская шляхта» ў перакладзе яе цёткі Барбары Чарнавецкай.
У 2008 годзе Агнешку Крыжаньску-Дусь запрасілі на афіцыйнае сьвяткаваньне 200-годзьдзя зь дня нараджэньня Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча. Тады яна наведала Люцінку, магілу свайго прапрапрадзеда і спэктакль «Ідылія» паводле п’есы Дунін-Марцінкевіча, якую ў тэатры імя Янкі Купалы паставіў Мікалай Пінігін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зборнікі твораў клясыка беларускай літаратуры Вiнцэнта Дунiн-Марцiнкевiча прызналі «экстрэмісцкімі»Суд Жыткавіцкага раёну 8 лістапада прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» двухтамовы збор твораў Дунін-Марцінкевіча «Драматычныя творы, вершаваныя аповесьці і апавяданьні», выдадзены ў 2007–2008 гадах дзяржаўным выдавецтвам «Мастацкая літаратура».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Патрыёт роднага краю», «мужны глядыятар». Што раней пісалі дзяржаўныя СМІ пра Дунін-Марцінкевіча, творы якога прызналі экстрэмісцкімі