Два гады таму арыштавалі журналіста Свабоды Андрэя Кузьнечыка. Што вядома пра палітвязьня

Андрэй Кузьнечык. Архіўнае фота

Першы «юбілей» 10-гадовая дачка Андрэя Кузьнечыка Яніна сустрэла бяз таты. Але бацька ўважліва сочыць за тым, як растуць дзеці, дае парады па выхаваньні і марыць пра вандроўкі зь імі.

25 лістапада спаўняецца два гады, як журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык знаходзіцца за кратамі. У той лістападаўскі дзень 2021 года ён увечары паехаў на роварную прагулку. Каля пад’езда Андрэя чакалі чацьвёра сілавікоў у цывільным. Канфіскавалі тэхніку, забралі ў пастарунак, спачатку асудзілі на 10 дзён арышту, а празь месяц завялі крымінальную справу.

У чэрвені 2022 году Магілёўскі абласны суд прызнаў Андрэя Кузьнечыка стваральнікам «экстрэмісцкага фармаваньня» і прысудзіў 6 гадоў турмы.

«Цешуся зь любоўна і ідэальна сабранай перадачы»

Ужо больш за год Андрэй адбывае пакараньне ў Наваполацкай калёніі № 1, працуе на дрэваапрацоўцы. Праца цяжкая, 6 дзён на тыдзень. Палітвязень моцна схуднеў, старое адзеньне звальваецца, Андрэй не адзін раз яго ўшываў. Днямі атрымаў перадачу з новай вопраткай.

«Цешуся зь любоўна і ідэальна сабранай перадачы. Толькі ўчора ўпораўся далічыць-перабраць вашы дарункі. У тэрма (тэрмабялізьне. — РС) упрэў. Спаць у ёй мякчэй, але працаваць у поце сьпіны — ня ўпэўнены, праверу, калі вернуцца сьнягі і халады. Ну а куртка — агонь! Скажы? Праўда, пакуль ня ўпісваюся новымі сваімі габарытамі ў старыя траекторыі. Анэкдот пра „трывалы матэрыял“ на некалькі гадоў падарыў ужо не адну ўсьмешку», — Андрэй і за кратамі ня траціць пачуцьця гумару.

Фрагмэнт ліста Андрэя Кузьнечыка

«Пра лацінку навіна прыкрая»

Андрэй Кузьнечык выпісвае шмат беларускамоўнай пэрыёдыкі, усё ўважліва чытае:

«У „Звяздзе“ прыгадалі 110-годзьдзе Сяргея Грахоўскага. Пэўна, нешта мусіць быць у „Белкнізе“. Я б што купіў і пачытаў. Мо якое „Выбранае“ ці нешта падобнае выдалі? І дашлі мне, калі ласка, ягоны легендарны верш пра ветразь», — просіць Андрэй жонку.

«Пра лацінку навіна прыкрая, але нічым не выбіваецца зь лініі тых прыкрых навін, ад якіх даўно стаміўся засмучацца. Зрэшты, не сумняваюся, што даробак Лемцюговай не прападзе і будзе ацэнены і выкарыстаны больш удумлівым наступнікам», — спадзяецца Андрэй, згадаўшы слыннага філёляга Валянціну Лемцюгову, пры непасрэдным удзеле якой быў прыняты Закон аб геаграфічных назвах, дзе была юрыдычна замацаваная практыка першаснага прысваеньня назваў геаграфічным аб’ектам на беларускай мове, перадача іх на лацінку ды іншыя мовы.

Дзеліцца Андрэй уражаньнямі ад прачытанага ў «Звяздзе» ліставаньня Яўгеніі Пфляўмбаўм і Максіма Лужаніна. І ад працягу гісторыі ў літаратурным часопісе.

«У „Дзеяслове“ з нагоды выхаду зборніка паэткі Пфляўмбаўм усчалася фэмінісцкая дыскусія пра тое, як не ацаніў яе Лужанін, здраджваў і выкарыстоўваў ейны талент. Такія ўрокі гісторыі і выпадковае маё знаёмства з сацыяльна-літаратурнымі трэндамі», — піша Андрэй.

Фрагмэнт ліста Андрэя Кузьнечыка

«Родныя, падобныя і розныя нашы дзетачкі»

У Андрэя і Алесі двое дзяцей — 10-гадовая Яніна і 3-гадовы Мацьвей. Ужо два гады дзеці жывуць без таты. Яны растуць, мяняюцца, і бацька адчувае, што не заўсёды разумее, што ім цяпер цікава, як зь імі кантактаваць і нават якія вершы ім пісаць. Што адбываецца зараз з сынам, ён яшчэ можа сабе ўявіць, прыгадаўшы дачку такіх гадоў. А Яніна пасьпела стаць ужо загадкай для таты.

«Думаў над тым, як дапамагчы Яніне ў пазыцыянаваньні сябе ў дзіцячым калектыве. Дадумаўся толькі да таго, што знайшоў бы і прачытаў адпаведную літаратуру, каб разабрацца ў сутнасьці працэсаў і бацькоўскай і пэдагагічнай ролі ў іх. Як калісьці тое зрабіў зь білінгвістычнымі пытаньнямі на тле ціску лягапэдаў і бабуляў. Кніжка была доўгай, нуднай, але ўсё стала на палічкі. Усе мае расстаўленыя палічкі дачка ўжо перарасла», — разважае Андрэй.

Каб бацька бачыў, як растуць і сталеюць дзеці, жонка дасылае Андрэю шмат іх фатаграфій, а таксама малюнкі дачкі.

«Дзякуй, што звадзіла мяне на Мацьвееў ранішнік. Усё так жыва ўявіў, тым больш што глядацкі досьвед ёсьць. Ну і прыгадаў Янчыны ранішнікі з нагоды, папесьціў успаміны».

«А што да дурэньня пры апрананьні і „ўцёкаў“ ад фоціка, то тая ж рыса, што і ў Яніны ў ягоным веку. Родныя, падобныя і розныя нашы дзетачкі».

«Першы Янчын малюнак у гуртку атрымаўся вельмі прыгожым. Праўда, не зразумеў, ці спадабалася ёй, ці таго яна чакала. З радасьцю пачытаў пра яе іншыя прыдумкі і фантазіі — каштанавыя рытуалы, папяровых папугайчыкаў, радасьць для іншых школьнікаў».

«Пра Янчыну карціну я, уперад фоткі паглядзеўшы, падумаў, што гэта туманны цмок з круглым шчытом. Вельмі жывая, атмасфэрная, як для мяне — карціна з астральнага сусьвету», — зь пяшчотай піша Андрэй пра сваіх дзетак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Іх не забылі і не забудуць». Замежныя дыпляматы напісалі лісты палітзьняволеным журналістам Свабоды

Верш для дачкі навыраст

Яніне Кузьнечык нядаўна споўнілася 10 гадоў. Бацька даслаў ёй верш на першы «юбілей». Праўда, піша, што «не да канца ўпэўнены ў назьве геамэтрычнай фігуры Нацыяналкі».

Дзесяць — круглы юбілей,

Знакавая дата!

Трэба вылічыць хутчэй:

А ці ёсьць квадратны?

Бо тры тысячы шэсьцьсот

Пяцьдзясят і трошкі

Дзён паміж такіх нагод

Утрываць няможна!

На чатыры падзяліць?

Ці на тры памножыць?

Тры... А што! Трохкутным быць

Юбілей жа можа!?

У разумных кнігах шмат

Для фігураў назваў -

І для юбілейных дат

Найбліжэйшым часам!

Мае нават мо свае

Дні для сьвяткаваньня

Ромбакубаактаэ...

(Фух!) ...актаэдральны!

Скажаш, зь літар вінэгрэт?

Пачакай сварыцца.

Так завецца сылюэт

Кніжніцы ў сталіцы.

Але перш, чым пачынаць

Лінаваць і крэсьліць,

Час жаданні памнажаць

Мінімум на дзесяць!

Зычу я ў твой першы дзень

Кругла-юбілейны

Шчасьця спраўджаных надзей

З крыламі натхнення!

Праўда, Андрэй сам прызнаецца, што «зь вершам Яніне трошку залішне паразумнічаў, напісаўшы навыраст», але спадзяецца, што жонка дапаможа яго зразумець:

«Ты ж патлумачыш дачушцы цьмяныя месцы, ці мне яшчэ трэба штосьці падказаць? Увогуле вядома, сынхранізацыя зь дзецьмі ня можа не кульгаць у мяне. У каталёгу кніг думаў нават купіць кніжку пра дзяцей 8–13 гадоў, там яшчэ назва была са словамі „Самы цяжкі ўзрост“, але схамянуўся, бо ж на практыцы мне тыя веды прымяняць пакуль не давядзецца. А практычным досьведам хутчэй і карысьней ты са мной падзелісься», — разважае Андрэй.

Фрагмэнты новых лістоў Андрэя Кузьнечыка

Вандроўкі па Беларусі

У ягоных лістах шмат успамінаў, як сям’я Кузьнечыкаў разам бавіла час раней

«Чытаючы пра папугайную экскурсію, узгадваю, як мы зь Янінай езьдзілі на выставу павукоў. Як яна гадзіну хадзіла па невялічкім пакойчыку і як мне пазнавальна і цікава было назіраць за ёй, ейнай цікаўнасьцю да дробязяў і дэталек, не зважаючы на час. Спрабаваў уявіць, якія эмоцыі былі на выставе папугаеў, разумеючы, што насамрэч дзяўчынка вырасла і ўсё крыху ці ня крыху ўжо інакш».

Трохгадовы сын Андрэя, як і многія хлопчыкі ў ягоным узросьце, цікавіцца аўтамабілямі, і Андрэй успамінае пра свае захапленьні.

«Што да аўтамабільных сынавых пэрспэктыў, дык я малым таксама марыў стаць трактарыстам ці кіроўцам аўтобуса. Езьдзіў зь дзядзькам на „Кіраўцы“ і ўяўляў сябе двайным жоўтым „Ікарусам“. Але вырас во — і „зраварысьціўся“. Зрэшты, аўтамабілісты ў радні — гэта нават зручна. Будзем езьдзіць з сынам у вандроўкі па Беларусі», — марыць Андрэй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Душа захацела выгаварыцца». Што палітзьняволены журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык піша з калёніі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Cвабодныя людзі расказваюць, як ня быць рабамі». Старшыня Беларускага ПЭН-у і заснавальнік прэміі за турэмную літаратуру — пра пераможцаў