Мін'юст Беларусі пазбавіў ліцэнзій яшчэ некалькіх адвакатаў

Адвакат у беларускім судзе. Ілюстрацыйнае флта

Ліцэнзій пазбавілі адвакатаў Юлію Карачун і Аксану Пучкоўскую, якія раней працавалі ў складзе Менскай абласной калегіі.

Кваліфікацыйная камісія Міністэрства юстыцыі па пытаньнях адвакацкай дзейнасьці па выніках чарговай атэстацыі прыняла рашэньне аб «магчымасьці спыненьня ліцэнзій на ажыцьцяўленьне дзейнасьці» супраць адвакатаў Юліі Карачун і Аксаны Пучкоўскай.

Юлія Карачун у 2021 годзе была сярод адвакатаў па палітычных справах, якіх выклікалі на пераатэстацыю. Тады яна яе прайшла.

Камісія адзначае, што рашэньне прынятае нібыта ў сувязі «са зьдзяйсьненьнем правін, несумяшчальных са званьнем адваката».

Па выніках атэстацыі адвакатаў тэрытарыяльных калегій заявілі таксама пра «немагчымасьць выкананьня сваіх прафэсійных абавязкаў» адвакатам Менскай гарадзкой калегіі Натальляй Тарасюк.

Адносна адвакатаў Ільлі Панкова і Яўгена Партнова прынялі рашэньне аб няпоўнай адпаведнасьці.

Сыстэматычны ціск на адвакатуру пачаўся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. З 2021 году адвакаты могуць працаваць толькі пры юрыдычных кансультацыях, загадчыкі якіх прызначаюцца па ўзгадненьні зь Мін'юстам.

Супраць шэрагу адвакатаў завялі крымінальныя справы з палітычных матываў, асобных прызналі палітвязьнямі. Пад пагрозай перасьледу некаторыя былі вымушаны пакінуць Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нязапіс на прыём. Як чыноўнікі перашкаджаюць людзям сустракацца са сваім начальствам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-адвакаты Ціханоўскага і Бабарыкі выехалі зь Беларусі