У плянах яшчэ дзясяткі збудаваньняў, якія кардынальна зьменяць пазнавальны выгляд галоўнай праваслаўнай сьвятыні краіны, піша «Наша ніва».
Праект рэканструкцыі з комплекснай рэгенэрацыяй Спаса-Эўфрасіньнеўскага жаночага манастыра, распрацаваны інстытутам «Менскграмадзянпраект», прэзэнтавалі сёлета на Рэспубліканскім конкурсе на найлепшы архітэктурны праект ці пабудову, дзе атрымаў дыплём другой ступені ў намінацыі «Горадабудаўнічыя комплексы, пляніроўка і забудова населеных месцаў».
Прэзэнтаваны праект паказвае пляны Праваслаўнай царквы ў асваеньні тэрыторыі манастыра і прылеглых кварталаў.
Манастыр заснавала сьвятая князёўна Эўфрасіньня Полацкая ў 1125 годзе, калі пасялілася каля Праабражэнскай царквы ў Сяльцы. У 1161 годзе тут узьвялі мураваны Спаса-Праабражэнскі сабор, які сёньня зьяўляецца адзіным захаваным помнікам архітэктуры Полацкага княства. Тут знаходзіўся славуты крыж працы Лазара Богшы, страчаны падчас Другой сусьветнай вайны.
У 1842 годзе ў жылым манастырскім доме зрабілі дамавую царкву і асьвяцілі ў гонар заснавальніцы манастыра. У 1897 годзе была ўзьведзена манумэнтальная пяціглавая Крыжаўзвіжанская царква ў псэўдавізантыйскім стылі. У 1912 годзе зьявілася брама-званіца і келейны корпус. З таго часу тэрыторыя манастыра мала памянялася.
Як сьцьвярджаюць архітэктары ў сваім праекце, тэрыторыя манастыра — гэта комплекс розначасавых будынкаў і збудаваньняў, не зьвязаных адзінай мастацкай задумай. Гэта пакладзена ў аснову праекту, які мусіць з комплексу стварыць ансамбль.
Непасрэдна вакол храмаў комплексаў пабудуюць трапэзную, тры келейныя карпусы, актавую залю з аранжарэяй, паломніцкі цэнтар, шмат гаспадарчых пабудоў, гаражоў, рамесныя і мастацкія майстэрні і нават невялікі храм па-за межамі сёньняшняй тэрыторыі манастыра.
Пры гэтым праект зусім не ставіць за мэту гістарычную рэгенэрацыю. Так, трапэзны дом у эклектычным стылі, які знаходзіўся за Спаскай царквой і быў страчаны, пэўна, у час вайны, аднаўляць не зьбіраюцца. На ягоных падмурках узьвядуць крыло вялікага П-падобнага келейнага корпусу.
Гэты корпус створыць новую прасторавую сытуацыю на тэрыторыі манастыра, якой гістарычна ніколі за 900 гадоў не было — аддзеліць тэрыторыю, дзе калісьці стаяў храм-пахавальня XII стагодзьдзя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Жыровічах зьнішчылі фрэску, над якой працаваў Раман Бандарэнка ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта можа зрабіць толькі Масква». Як беларусаў прызнаюць сьвятымі і што на гэта ўплывае