У Берасьці затрымалі ксянзда Вячаслава Пялінака

Ксёндз Вячаслаў Пялінак. Архіўнае фота са старонкі Парафіі Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа ў Берасьці ў Facebook

22 лістапада стала вядома пра затрыманьне ксяндза Вячаслава Пялінака, паведаміла ініцыятыва «Хрысьціянская Візія».

Паводле інфармацыі вернікаў парафіі, дзе служыць ксёндз Вячаслаў, яго затрымалі пасьля ранішняга набажэнства, ягоныя тэлефон і ноўтбук адабралі сілавікі.

Прычыны затрыманьня сьвятара невядомыя.

Вячаславу Пялінаку 48 гадоў, у сьвятарстве ён ужо 21 год. Ён сьвятар Віцебскай дыяцэзіі, але цяпер служыць у парафіі Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа ў Берасьці.

Ксёндз Вячаслаў Пялінак быў першым асабістым сакратаром апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Кляўдыё Гуджэроцьці, адзначае ініцыятыва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Размаўляе па-беларуску, канфліктаваў з чыноўнікамі. Што вядома пра затрыманага ў крымінальнай справе ксяндза Акалатовіча

Рэпрэсіі супраць рэлігійных дзеячоў, арганізацый і памятак у Беларусі

  • Вядома пра некалькі дзясяткаў сьвятароў і пастараў сярод каталікоў, праваслаўных і пратэстантаў, якіх затрымлівалі пасьля пратэстаў 2020 году. Толькі за 2022 год іх было ня менш за 24. На некалькі чалавек завялі крымінальныя справы.
  • Як расказаў Свабодзе айцец Георгі Рой, шмат хто з праваслаўных сьвятароў прайшоў праз прафіляктычныя гутаркі перад кіраўніцтвам БПЦ (япіскапам або сакратаром япіскапа) або перад чыноўнікамі ў справах рэлігіі. Выклікаюць тых, хто крытыкаваў улады Беларусі, пісаў сваю думку ў інтэрнэце, выказваўся ў падтрымку Ўкраіны ў вайне.
  • Празь перасьлед зь Беларусі ў Польшчу выехалі вядомы каталіцкі сьвятар і блогер ксёндз Вячаслаў Барок з Расонаў, ксёндз Дзьмітры Прыступа зь Ляхавічаў, ксёндз Андрэй Вашчук зь Віцебску, які правёў месяц на «сутках» у 2022 годзе.
  • Увосень 2022 году закрылі для любых наведваньняў Чырвоны касьцёл у Менску, ня толькі адзін з галоўных цэнтраў каталіцкага жыцьця, але і візытоўку гораду для турыстаў. Прычынай улады назвалі начны пажар у будынку. Нядаўна ў Менгарвыканкаме сказалі, што працы ў будынку пачнуцца толькі ў першым квартале 2024 году, і «пасьля іх завяршэньня будзе прынятае рашэньне аб аднаўленьні дзейнасьці касьцёла».
  • Сёлета 20 чэрвеня экскаватарамі разбурылі будынак пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё» ў Менску. Менскі суд ліквідаваў рэлігійную грамаду хрысьціянаў поўнага эвангельля «Новае жыцьцё», а інфармацыйную прадукцыю царквы прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі.
  • Летась улады закрылі школу ў каталіцкім Хрысьціянскім сацыяльным цэнтры ў Менску.
  • Улады Беларусі зьнішчалі крыжы ў менскіх Курапатах, месцы масавых расстрэлаў і пахаваньняў у 1930-х гадах. Дагэтуль рэгулярна хтосьці псуе там крыжы, а вінаватых не знаходзяць. Акты вандалізму рабіліся і ў дачыненьні да крыжоў і стэндаў у «віцебскіх Курапатах», у вёсцы Хайсы. Праваахоўныя органы таксама не знайшлі вінаватых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьнішчаюць цэрквы, даносяць у прыходах, кідаюць за краты. Як у Беларусі ціснуць на сьвятароў