У лістападзе-сьнежні 1920 году беларусы Случчыны са зброяй у руках выступілі супраць бальшавікоў і паспрабавалі адстаяць беларускую дзяржаўнасьць у форме Беларускай Народнай Рэспублікі. Але ня ўсе сёньня згодныя з назвай гэтай падзеі — Слуцкі збройны чын ці Слуцкае паўстаньне. Да ліку такіх людзей належыць і журналіст і гісторык Сяргей Абламейка.
0:00 — колькі паўстаньняў адбылося ў Беларусі ў 1920 годзе
4:35 — наколькі легітымным быў беларускі зьезд Случчыны, які пачаў сваю працу 14 лістапада 1920 году і абвясьціў Случчыну тэрыторыяй БНР
8:26 — ці былі слуцкія падзеі 1920 году паўстаньнем
12:18 — што дае беларусам перайменаваньне Слуцкага паўстаньня ў беларуска-савецкую вайну 1920 году
14:58 — ці быў у слуцкага фронту БНР шанц перамагчы
19:34 — хто сапраўдныя героі слуцкіх падзеяў 1920 году.
Фрагмэнт размовы вядоўцы Дзьмітрыя Гурневіча зь Сяргеем Абламейкам:
— Што адбывалася ў Беларусі ў 1920 годзе?
— Ёсьць два варыянты адказу на гэтае пытаньне. Кароткі адказ: на тэрыторыі Беларусі ішла польска-савецкая вайна. Так мы ведаем гэта з гісторыі. У ходзе гэтай вайны зь лета 1919 па лета 1920 году Беларусь была акупаваная польскімі войскамі. У ліпені 1920 году бальшавікі прагналі палякаў зь Менску. Але восеньню польскі фронт зноў накаціўся на Беларусь, і зноў палякі захапілі значную тэрыторыю Беларусі.
І вось 12 кастрычніка 1920 году адбылася вельмі значная гістарычная падзея. Падчас мірных перамоваў паміж Польшчай і Савецкай Расеяй у той дзень была заключаная так званая прэлімінарная (гэта значыць папярэдняя) мірная дамова, той самы славуты Рыскі мір. Канчаткова гэтая дамова будзе падпісаная ў сакавіку 1921 году.
Але ўжо паводле прэлімінарнай дамовы Беларусь заставалася толькі ў складзе шасьці паветаў Менскай губэрні. Як пра гэта і пісаў пасьля Янка Купала: «Далі шэсьць паветаў, ну дзякуй за гэта».
І вось у сувязі зь перамовамі ў Рызе ў Беларусі адбываліся ў той год падзеі, пра якія мы яшчэ недастаткова ведаем. Гэта зьвязана і з тым, у якім стане знаходзіцца ў апошнія дзесяцігодзьдзі беларуская гістарычная навука, і як і якая цяпер гісторыя выкладаецца ў школах.
А насамрэч 1920 год — гэта год фантастычных падзеяў. Вось што тут можна сказаць. Беларусы вельмі добра ўспрынялі абвяшчэньне Беларускай Народнай Рэспублікі. Як аказалася, нацыянальнае самаўсьведамленьне аб тым, што «мы — беларусы», было ўжо вельмі пашыранае. Людзі чакалі сваёй дзяржаўнасьці. І калі ў Рызе адбыўся падзел краіны, то паўстала ня Случчына, паўстала фактычна ўся Беларусь.
Беларускі гісторык Ніна Стужынская напісала кнігу пра тыя падзеі «Беларусь мяцежная: з гісторыі ўзброенага антысавецкага супраціву, 20-я гады ХХ стагодзьдзя». Дык вось, у адказ на Рыскі мір адбыліся ня толькі слуцкія падзеі. Яшчэ была створаная Койданаўская рэспубліка, адбыліся захопы савецкіх установаў у раёне Радашкавічаў, захоп Барысава, паўстаньне на Ігуменшчыне і шмат чаго яшчэ. Так беларусы пратэставалі супраць падзелу іх краіны. І асноўнай рухаючай сілай тых пратэстаў былі сяляне.
А падзеі ў Слуцку сталі кульмінацыяй тых падзеяў і тых пратэстаў.
— Ну дык давайце агучым вашу прапанову. Як вы прапануеце называць Слуцкі збройны чын?
— Некалькі гадоў таму я гутарыў зь Нінай Стужынскай у нашым этэры, і мы якраз абмяркоўвалі гэта. Яна сказала, што па сутнасьці гэта была «ваенная антысавецкая і антыпольская акцыя 1920 году». Таксама яна прапанавала тэрмін «Сялянскі фронт БНР», а я ў адказ — «Слуцкі фронт БНР». Таксама Ніна Стужынская расказала, што некаторыя гісторыкі-тэарэтыкі прыраўноўваюць слуцкія падзеі да так званых мяцежавых войнаў, такіх як чачэнскія войны або вайна на Данбасе. Але на гэтым нашы тэрміналягічныя пошукі тады і спыніліся.
У самой Беларусі традыцыйна, у тым ліку савецкія гісторыкі, называлі гэтую падзею «Слуцкім паўстаньнем». А беларуская эміграцыя заўсёды казала, што гэта быў «Слуцкі збройны чын».
Чаму эміграцыя прыдумала такую назву? Таму што паўстаньнем тыя падзеі называць нельга з чыста фармальнага пункту гледжаньня, бо паўстаньне адбываецца на нейкай тэрыторыі супраць таго, хто тэрыторыю кантралюе. А Случчына тады была ўжо вольная, палякі сышлі, а бальшавікі яшчэ не прыйшлі. Таму і прыдумалі назву «Слуцкі збройны чын».
Зьезд Случчыны легітымна абвяшчае Случчыну тэрыторыяй Беларускай Народнай Рэспублікі. І вось мы маем не паўстаньне і ня чын. Але што тады? І вось я тры гады таму напісаў і апублікаваў тэкст, які магу тут працытаваць:
Калі мы прызнаем гістарычны і юрыдычны факт існаваньня Беларускай Народнай Рэспублікі і яе правапераемнасьць ад волевыяўленьня амаль дзьвюх тысяч дэлегатаў Усебеларускага зьезду 1917 году, то ня можам не прызнаць і наступнага ланцуга лягічных развагаў.
Улічваючы:
- што ў лістападзе 1920 году тэрыторыя Случчыны законным чынам стала тэрыторыяй БНР,
- што кіраўніцтва БНР прыслала на Случчыну сваіх паўнамоцных прадстаўнікоў, у тым ліку кіраўніка Беларускай вайсковай камісіі і міністра БНР,
- што Слуцкая брыгада была рэгулярным вайсковым фармаваньнем БНР з усімі прыкметамі і структурай такога фармаваньня, а менавіта
- мела свой сьцяг-штандар,
- кіравалася прафэсійнымі вайскоўцамі,
- складалася зь Першага Слуцкага і Другога Грозаўскага палкоў,
- палкі, у сваю чаргу, складаліся з батальёнаў, а тыя з ротаў і г. д.,
- што брыгада мела сваю стаўку,
- штаб,
- выведку,
- контравыведку,
- вайсковы суд (трыбунал),
- гаспадарчую частку,
- шпіталь,
- вайсковую школу,
- што баі працягваліся больш за месяц з захопам населеных пунктаў, іх здачай і наступным адваяваньнем у ходзе контранаступаў, з выведнымі рэйдамі ў тыл праціўніка і г. д.,
- што працягласьць фронту баявых сутыкненьняў з бальшавікамі складала 45 кілямэтраў,
- што падчас баявых дзеяньняў праводзіліся вайсковыя парады, за якімі з трыбун назірала камандаваньне і дзяржаўныя дзеячы БНР, —
то ўсе тыя падзеі былі ня чым іншым, як... беларуска-савецкай вайной 1920 году.
Гэтак я і прапаную яе называць.
Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на папулярных падкаст-плятформах:
Your browser doesn’t support HTML5
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». «„Літвіны“ ня ведаюць, што пра Літву пішуць беларускія гісторыкі», — Андрэй Катлярчук ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». Беларусь Беларусьсю назвалі беларусы, і назва ня мае альтэрнатывы — Андрэй Катлярчук ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». Беларусы маюць права на спадчыну Вялікага Княства Літоўскага і Вільні — Альфрэдас Бумблаўскас
«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць
Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».
Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.