Ірэна Катвіцкая нарадзілася ў Менску. Яна атрымала прафэсійную музычную адукацыю, скончыла асьпірантуру Акадэміі навук як этнамузыколяг і этнічная сьпявачка. Шмат гадоў Ірэна зьбірала фальклёр, выдавала навуковыя працы, выкладала, была кіраўніцай дзіцячага фальклорнага ансамблю «Рада». Яна аўтарка і ўдзельніца праектаў Ethno-NHS, Akana-NHS, Kazalpin, «Этна-фантазія».
У 2019 годзе Ірэна пераехала ў Ізраіль. Там яна працуе музычным тэрапэўтам з асаблівымі дзецьмі і працягвае разьвіваць беларускую культуру.
Зь пераездам у Ізраіль творчыя сувязі не парушыліся
Па словах Ірэны, прычын для пераезду зь Беларусі ў яе было некалькі.
«Я ўдзельнічала, і даволі часта, у розных мерапрыемствах супраць рэжыму Лукашэнкі. У творчых і сацыяльна-палітычных. Мяне звольнілі з працы. Але заставалася ў краіне, займалася бізнэсам і выкладала сваім вучням фальклёр», — успамінае сьпявачка.
У Ізраіль пераехала яе старэйшая дачка Ліда. Ірэна кажа, што сумавала па ёй і таксама пераехала. «Але пераезд у іншую краіну не парушыў творчых сувязяў. Я па-ранейшаму сьпявала, удзельнічала ў музычных праектах, езьдзіла на гастролі, атрымлівала міжнародныя ўзнагароды. Беларуская песьня была ўсюды і заўжды са мной», — гаворыць суразмоўца.
У 2020 годзе Катвіцкая хацела, каб увесь сьвет бачыў, што адбываецца ў Беларусі. Дзялілася інфармацыяй, давала інтэрвію, дзе «дакладна ўсё тлумачыла і выказвала сваю грамадзянскую пазыцыю». Таксама яна разам зь іншымі беларусамі ладзіла акцыі салідарнасьці.
«Летам 2023 году, калі быў матч Беларусь — Ізраіль, мы надрукавалі тысячы ўлётак пра сытуацыю ў Беларусі, каб наведнікі матчу ведалі, што там адбываецца насамрэч, у якім загоне грамадзянская супольнасьць, у якім жахлівым становішчы там звычайны чалавек, якога могуць кінуць за карты за падабайку. Беларусь і Ізраіль — гэта дзьве мае краіны. Гэта маё багацьце і мой боль», — кажа сьпявачка.
Адна дачка служыць у войску, другая малюе карціны для дабрачынных мэтаў
У Ірэны дзьве дачкі. Адна мастачка, другая сьпявачка. Старэйшая жыве непадалёк ад мяжы з сэктарам Газы. Яна на свае вочы бачыць наступствы бамбаваньняў. На падставе ўбачанага стварае карціны. Прадае іх у дабрачынных мэтах. Сродкі ад продажу пойдуць на дапамогу тым, хто страціў дом ці блізкіх.
Ірэна кажа, што «пуцёўку» ў сьвет жывапісу яе дачцэ Лідзе даў мастак Алесь Пушкін (палітвязень, загінуў у беларускай турме. — РС).
«Лідзе было недзе 12-13 гадоў, яна малявала. Я паказала яе малюнкі Алесю, каб параіцца, ці варта працягваць. Ён сказаў, што яна мае талент. Ліда вучылася ў вядомага мастака Генадзя Драздова. Цяпер Алесь Пушкін загінуў, а Драздоў сядзіць у беларускай турме», — кажа сьпявачка.
У дзень сьмерці Алеся Пушкіна ў Ерусаліме праходзіў фэстываль, прысьвечаны беларускай культуры і Марку Шагалу.
«Я разумею, што людзі прыйшлі адпачыць, паслухаць музыку. Але я лічыла сваім абавязкам сказаць са сцэны пра сьмерць Алеся Пушкіна, папрасіць ушанаваць ягоную памяць. Таму што і Марк Шагал, каб ня выехаў своечасова, мог быць расстраляны. Прайшлі дзясяткі гадоў, стагодзьдзе — а ўсё тое самае», — кажа Ірэна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Двое паліцыянтаў, адзін генэрал арміі. Расказваем пра ўраджэнцаў Беларусі, якія загінулі ці пацярпелі ў выніку нападу ХАМАС на ІзраільМалодшая дачка Катвіцкай ужо год як на тэрміновай службе ў ізраільскім войску.
«Служаць і іншыя мае блізкія людзі. Можаце толькі ўявіць, што перажывае маці, у якой дачка ў войску ў такі час. Але мы ўсе трымаемся і дапамагаем адно аднаму», — кажа беларуска.
Свае перажываньні, пераасэнсаваньне міру, вайны Ірэна зьбіраецца ўкладаць у новыя музычныя праекты. Кажа, што гэта цяпер яе ратуе, як і праца з асаблівымі дзецьмі. Праз вайну праца стала на паўзу. Ірэна дапамагае дзецям у Цэнтры габрэйскай мэдыцыны. Туды бацькі прывозяць дзяцей са ўсяго сьвету. Асноўныя пацыенты — дзеці з аўтызмам. Ім дапамагаюць як традыцыйна, так і такімі мэтадамі, якімі працуе Ірэна, — музычнай тэрапіяй. З пачаткам вайны дарослым стала страшна везьці дзяцей на лячэньне ў Ізраіль.
«На якой мове я размаўляю зь дзецьмі? Я працую на ангельскай і расейскай мовах. Але насамрэч тут мова не так істотная. Важна тое, наколькі я наладжу эмацыйны, цялесны кантакт зь дзецьмі. Мы іграем на розных музычных інструмэнтах, малюем і гэтак далей. Тут істотнае пытаньне даверу», — кажа сьпявачка.
Дадае, што яна запісвала кліпы як адказ на падзеі ў Беларусі ў 2020 годзе, як адказ на гвалт, як падтрымку беларускіх жанчын, якія пацярпелі ад рэпрэсій.
У плянах сьпявачкі — удзел у творчым праекце, дзе яна хоча «акумуляваць нашу старажытную сілу і энэргію з нашых абрадаў і спалучыць з сучаснай энэргетыкай».
Беларусь ці Ізраіль?
Ірэна кажа, што на сёньня праз сваю грамадзянскую пазыцыю яна ніяк ня можа вярнуцца ў Беларусь. Але ў будучыні хацела бы сумяшчаць жыцьцё ў дзьвюх краінах.
«Ты жывеш ня толькі там, дзе твой дом, але і дзе твае сябры, праекты, твая публіка; тыя, хто цябе разумее. Мы ня толькі марым, што рэжым падзе, але і стараемся рабіць усё для гэтага», — кажа сьпявачка.
Яна зазначае, што ізраільскай публіцы падабаюцца выступы на беларускай мове. Людзі пасьля канцэртаў падыходзяць і пытаюцца: «На якой такой прыгожай мове вы сьпяваеце? Гэта не расейская, не румынская, не польская, якая гэта мова?».
«Наша мова, культура вельмі прыгожыя. Яны прывабліваюць людзей, бо нясуць у сабе мудрыя, добрыя, цёплыя каштоўнасьці, зразумелыя чалавеку і безь перакладу. Там словы не галоўнае. Наша культура пабудаваная ў тым ліку і на дахрысьціянскіх традыцыях, дзе быў сьвет, у якім не было ўвогуле багоў», — кажа сьпявачка.
Калі яна праводзіла сваю дачку ў войска, то пайшла зь ёй у вайсковы ангар і там яны сьпявалі на два галасы традыцыйную беларускую песьню з абраду «Пахаваньне стралы».
«Усё ў гэтым сьвеце перасякаецца, усё пераліваецца адно ў другое», — дадае Ірэна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль і ХАМАС дамовіліся аб чатырохдзённым замірэньні і вызваленьні часткі закладнікаў