Беларускі бізнэс-цэнтар у Варшаве (ВВС) і BEROC (незалежны акадэмічны дасьледчы цэнтар у галіне эканомікі) прэзэнтавалі дасьледаваньне «Беларуская бізнэс-міграцыя: прычыны і наступствы». Яно пра маштаб, прыроду і ўплыў рэлякацыі бізнэсу зь Беларусі ў Польшчу, Літву і Латвію, пачынаючы з 2020 года, а таксама ключавыя праблемы, зь якімі сутыкаюцца беларускія кампаніі і прадпрымальнікі за мяжой.
Беларусь страціла больш за 1 тысячу прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнэсу
Кіраўнік ВВС Дзьмітры Данільчук падкрэсьлівае, што дасьледчыкам важна было паглядзець ня толькі на палітычны, але і на эканамічны складнік 2020 году. Пасьля масавых пратэстаў супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі пачаўся крымінальны перасьлед бізнэсу.
«Мы бачым значны рост колькасьці крымінальных спраў з 2020-га па 2022 год (у два разы) толькі паводле аднаго артыкулу Крымінальнага кодэксу, 243-га (ухіленьне ад выплаты падаткаў). Быў і эканамічны прэсінг на бізнэс, у Менску наагул была забарона рэгістрацыі ІП. Усё гэта прывяло да таго, што Беларусь страціла больш за 1 тысячу прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнэсу. Гэта істотны ўдар па прыватным сэктары Беларусі», — адзначае Дзьмітры Данільчук.
На фоне гэтага Беларусь страціла ўсе пэрспэктывы эканамічнага росту, а краіны-суседкі растуць значна хутчэй і вышэй. Канкрэтныя сэктары, на якія паўплываў эканамічны крызіс 2020 году ў Беларусі, — гэта галіны з высокай даданай вартасьцю, адзначае экспэрт.
«Мы бачым значнае падзеньне экспарту Парку высокіх тэхналёгій. Цяпер драйвэрам росту ПВТ ужо не зьяўляецца (як гэта было цягам апошніх гадоў). У ПВТ зафіксаваная рэкордная колькасьць выключаных зь яго кампаній, новыя туды не ідуць. Рынак стартапаў таксама адчуў нэгатыўны ўплыў гэтых працэсаў. Стартапы пераходзяць за мяжу, у асноўным у Польшчу і Літву», — кажа Дзьмітры Данільчук.
Бізнэс эмігруе за беларусамі
Дасьледчыкі спрабавалі ацаніць агульную колькасьць людзей, якія эмігравалі ў Польшчу, Літву, Латвію. Але дакладныя лічбы вызначыць цяжка.
«Дадзеныя спрэчныя. Бо колькасьць выдадзеных картаў побыту (дазволаў на жыхарства) не адлюстроўвае рэальнай статыстыкі міграцыі. Ёсьць дасьледаваньні цэнтраў BEROC, „Палітычнай сфэры“. Адну цікавую лічбу агучылі беларускія ўлады: пачынаючы з 2020 года, краіна страціла 350 тысяч чалавек, яны выехалі за мяжу. Цяжка сказаць, дзе была палітычная міграцыя, дзе эканамічная, дзе зь іншых прычынаў.
Паводле нашых дадзеных, у Польшчу за 2020-2023 гады выехалі ад 120 да 220 тысяч чалавек. У Літву — ад 40 да 80 тысяч чалавек. У Латвію — ад 2 да 4 тысяч», — прыводзіць свае лічбы Дзьмітры Данільчук.
На яго думку, бізнэс кіруецца за людзьмі: куды едуць беларусы, туды і бізнэс. Польшча вельмі прыязна паставілася да вымушаных мігрантаў зь Беларусі, увяла шэраг дадатковых інструмэнтаў для грамадзянаў Рэспублікі Беларусь.
«Гэта і „карты паляка“, уведзеныя даволі даўно, гэта і бізнэс-візы PBH (Poland Business Harbour), гуманітарныя візы, міжнародная абарона. Польшча выйграла барацьбу за чалавечы капітал», — падсумоўвае Дзьмітры Данільчук.
Да таго ж сёлета рэкордная колькасьць беларускіх грамадзянаў — 122 тысячы — зарэгістравана ў польскай страхавой сыстэме ZUS (аналягу беларускага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва).
6 тысяч беларускіх кампаній у Польшчы, 11 тысяч прадпрымальнікаў
Дасьледчык адзначае рэкордны рост беларускага бізнэсу з 2020-га па 2022 год.
«У два разы заўважана павелічэньне ў 2021 годзе (у параўнаньні з 2020-м), удвая — у 2022-м. У 2023 годзе мы ўжо ня бачым павелічэньня. Дынаміка запавольваецца. Калі летась было зарэгістравана 1814 прадпрыемстваў зь беларускім капіталам, то сёлета толькі 903», — прыводзіць дакладныя лічбы спадар Данільчук.
На рэгіёнах на першым месцы Варшава (55%), на другім так званае «Прыпамежжа» (Беласток, Белая Падляская), на трэцім «Труймяста» (Гданьск, Сопат, Гдыня), на чацьвёртым і пятым — Кракаў і Ўроцлаў.
Па галінах на першым месцы гандаль (ураздроб і гуртам), на другім — транспарт і лягістыка, на трэцім — будаўніцтва, на чацьвёртым —інфарматызацыя і камунікацыі.
«На сёньняшні дзень у Польшчы зарэгістравана 5988 кампаній зь беларускім капіталам (дзе адзін з заснавальнікаў — беларуская юрыдычная альбо фізычная асоба). У Польшчы зарэгістравана таксама 11 тысяч беларускіх прадпрымальнікаў (разам з ІТ)» — кажа кіраўнік Беларускага бізнэс-цэнтру ў Польшчы Дзьмітры Данільчук.
Латвія — тэра інкогніта, істотнае падзеньне ў Літве
Што да Літвы, Дзьмітрый Данільчук пажартаваў: беларусы, маўляў, едуць у асноўным у Вільню, як некалі прызвычаіліся езьдзіць зь Менску ў літоўскую сталіцу хуткім цягніком за 2,5 гадзіны. У сталіцы Літвы зарэгістравана 685 бізнэсаў зь беларускім капіталам. У Коўне — 38, у Алітусе 36, у Панявежысе і Клайпедзе — па 19, ва Ўтэне — 12.
«Трэнды сумныя ў краінах Балтыі. Прычыны ва ўнутранай палітыцы Літвы і Латвіі адносна беларускай дыяспары і бізнэсу. У іх эканомікі малыя (у параўнаньні з Польшчай). Заўважана падаражаньне ўзроўню жыцьця ў гэтых краінах. Паводле мясцовых жыхароў, гэта адбылося ў тым ліку дзякуючы беларусам.
У Літве вельмі моцна ўскладнілася працэдура атрыманьня пастаяннага і часовага дазволаў на жыхарства, істотна павялічылася колькасьць праверак, ускладнілася ўзаемадзеяньне з органамі дзяржаўнай улады, часьцяком беларусам адмаўляюць у адкрыцьці банкаўскіх рахункаў. Ёсьць дыскрымінацыя беларускага бізнэсу паводле нацыянальнай прыкметы. Таму мы бачым істотнае падзеньне беларускага бізнэсу ў Літве», — падсумоўвае экспэрт.
Што да Латвіі, то гэтая краіна наагул тэра інкогніта для беларускага бізнэсу. У Латвію пераехалі ад 2 да 4 тысяч беларусаў, зарэгістравана 371 кампанія зь беларускім капіталам, 69% кампаній знаходзяцца ў Рызе.
«Знаходка для любой краіны»
Агучыў Дзьмітры Данільчук і асноўныя праблемы, якія назвалі беларускія бізнэсоўцы за мяжой. Гэта цяжкасьці зь легалізацыяй, з доступам да фінансаваньня, з пошукам супрацоўнікаў. А таксама моўны бар’ер, немагчымасьць вывазу капіталу, абсталяваньня зь Беларусі, няведаньне мясцовага рынку. Таму былі і выпадкі банкруцтва.
Прадстаўнік дасьледчага цэнтру BEROC Радыён Марозаў адзначыў, што любы бізнэс — гэта рызыка. І пажартаваў, што беларускі прадпрымальнік — знаходка для любой краіны.
«Бо ён разьлічвае толькі на сябе, пераадольвае любыя бар’еры, законапаслухмяны і плаціць падаткі, пасьля Беларусі шчыра захапляецца ўмовамі вядзеньня бізнэсу ў краіне рэлякацыі.
Беларускі бізнэс выжыве ў любых умовах — крызісы, якія накрывалі Беларусь, добра яго загартавалі. Беларускі бізнэс зробіць эканоміку любой краіны больш моцнай», — перакананы Радыён Марозаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой адкрыла прадстаўніцтва ў Крамянёвай даліне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» Асацыяцыю беларускага бізнэсу за мяжой