«Cela #18» — гэта сьведчаньні жанчын, якія ў жніўні 2020 году былі кінутыя ў камэру № 18 на Акрэсьціна і амаль тыдзень правялі ў ёй бязь ежы, вады, лекаў, сродкаў гігіены і — без паветра. 11 квадратных мэтраў чатырохмеснай камэры на 36 чалавек, піша «Белсат».
Расповеды 11 з тых жанчын, якія знаходзіліся ў камэры, склаліся ў кнігу, якую стварыў у межах праекту «Жнівень-2020» расейскі пісьменьнік Валерый Панюшкін.
З 11 гераіняў праекту толькі адна жанчына называе сваё сапраўднае імя і прозьвішча. Гэта былая палітзьняволеная Вольга Паўлава, якая знаходзіцца цяпер у бясьпецы.
«Цудоўны праект „Камэра #18“ дазваляе зразумець размах і маштаб таго, што адбываецца ў Беларусі, з досьведу выдатных жанчын: іх гісторыі больш шырока раскрываюць панараму крызісу, які ахапіў краіну», — піша ў прадмове да тэксту яшчэ адзін вядомы пісьменьнік і актор Стывэн Фрай.
Пазьней польскія навукоўцы Катажына Тачыньска і Войцех Творэк пераклалі кнігу на польскую мову. Так паўстала «Cela #18».
Прэзэнтацыя выданьня «Cela #18» па-польску адбылася ў прасторы Witryna Domu Wschodniego недзяржаўнай арганізацыі Karta. Перад слухачамі выступілі адна з аўтарак праекту «Жнівень-2020» Юлія Шаблоўская, прадстаўніца ў справе нацыянальнага адраджэньня Аб’яднанага кабінэту Аліна Коўшык, беларускі журналіст і дасьледнік сталінскіх рэпрэсіяў Ігар Станкевіч, валянтэрка ініцыятывы byProsvet, а таксама перакладчыкі кнігі на польскую мову.
Па словах Катажыны Тачыньскай, для яе, як і для Войцеха Творэка, гэты праект быў цалкам незвычайны, бо Беларусь да гэтага не фігуравала ў сфэры іх навуковых інтарэсаў. Катажына займаецца габрэйскай культурай на Бальканах і выкладае ў Польскай акадэміі навук. Войцех — гэбраіст, дасьледуе культуру хасыдызму.
Але акурат габрэйская тэматыка прывяла іх да Беларусі. Летась на курсах, прысьвечаных Галакосту, польскія навукоўцы пазнаёміліся зь беларускай Тацянай, якая дасьледуе Галякост у Беларусі. І яна прапанавала перакласьці «Камэру #18», ведаючы, што Катажына займалася да гэтага тэмай жанчын, зьняволеных падчас Другой сусьветнай вайны ў канцлягерах краінаў былой Югаславіі.
Потым да працы над перакладам далучыўся Войцех Творэк.
«У мінулым я займаўся перакладам з габрэйскай і ідыш дакумэнтаў з часоў Галякосту, з архіву Варшаўскага гета. І гэта, мабыць, у нейкім сэнсе падрыхтавала мяне да сутыкненьня з такога кшталту літаратурай», — зазначыў Войцех Творэк.
Тачыньска адзначае пэўныя моманты, якія ў сьведчаньнях беларускіх жанчын супадалі з аповедамі вязьняў іншых часоў. Як прыклад — жывы калідор, які ўтваралі гестапаўцы ці паліцыянты і празь які, б'ючы, прапускалі прыбылых вязьняў. Гэта прыдумалі не беларускія амапаўцы. Гэткі лягерны рытуал «вітаньня» вязьняў існаваў і раней. Навукоўца гаворыць пра яго як пра «характэрную рысу» ў многіх месцах зьняволеньня ва Ўсходняй і Сярэдняй Эўропе.
Творэк бачыць, што аўтар кнігі сам праводзіць паралелі, адсылаючы чытача да «Архіпэлягу ГУЛАГ» Аляксандра Салжаніцына.
Аб працягу гэтай страшнай гісторыі гаварыла і беларуска Юлія Шаблоўская. Яна нагадала польскай аўдыторыі, што падзеі «Celi #18» адбываліся тры гады таму, але і зараз за кратамі беларускіх турмаў пакутуюць людзі, асуджаныя з палітычных прычын, у тым ліку жанчыны — журналісткі, фатографкі, праваабаронцы.
Кніга «Камэра #18» пабачыла сьвет у жніўні 2021 году, на гадавіну тых падзей. У лістападзе 2021-га яе пераклалі з расейскай на ангельскую мову. У 2023 годзе зьявіўся польскі пераклад.
Беларускага перакладу кнігі пакуль няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы «Вясны» за апошнія 15 месяцаў задакумэнтавалі катаваньні 300 чалавек, траціна зь іх — жанчыны ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня любіш Лукашэнку, значыць, экстрэміст. Што адбываецца з правасудзьдзем у Беларусі