Сакратарыят Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) фактычна абверг апублікаваныя прэс-службай Аляксандра Лукашэнкі словы генэральнага сакратара АДКБ Імангалі Тасмагамбетава пра адмову Армэніі ад дапамогі блёка.
У сакратарыяце АДКБ 21 лістапада ўдакладнілі, што ў працы знаходзіліся два дакумэнты наконт Армэніі, якая адмовілася браць удзел у менскім саміце арганізацыі 23 лістапада:
- праект рашэньня саміту кіраўнікоў дзяржаў АДКБ «Аб сумесных захадах для аказаньня дапамогі Рэспубліцы Армэнія»,
- заява міністраў замежных спраў дзяржаў – чальцоў арганізацыі ў падтрымку намаганьняў у дасягненьні міру ў гэтым рэгіёне.
«Напярэдадні паседжаньняў статутных органаў АДКБ у Менску армянскі бок прапанаваў зьняць з разгляду праект заявы. Праца над праектам рашэньня СКБ аб накіраваньні ў Армэнію маніторынгавай місіі і аказаньні іншых практычных захадаў працягваецца»,— патлумачылі ў АДКБ.
У вайскова-палітычны блёк АДКБ уваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея і Таджыкістан.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Армэнія адмовілася ўдзельнічаць у саміце АДКБ у Менску. Раней яна праігнаравала саміт СНД
22 лістапада ў Менску пройдзе сумеснае пасяджэньне саветаў міністраў замежных спраў, абароны, а таксама камітэта сакратароў саветаў бясьпекі краін АДКБ, на якім плянуецца абмяняцца меркаваньнямі аб ваенна-палітычным становішчы ў зоне адказнасьці блёку.
На саміт АДКБ 23 лістапада ў Менску мае намер прыбыць прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. У той жа час армянскі прэм'ер-міністар Нікол Пашыньян адмовіўся ад удзелу ў гэтай сустрэчы ў сувязі зь незадаволенасьцю Ерэвана тым, што АДКБ належным чынам не рэагуе на «выклікі бясьпецы Армэніі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін зноў плянуе прыехаць у Менск. Палічылі, колькі разоў сёлета ён сустракаўся з Лукашэнкам21 лістапада ў Менску Аляксандар Лукашэнка правёў нараду па пытаньнях ваенна-палітычнага характару, паведамляе ягоная прэс-служба.
На нарадзе прысутнічалі дзяржсакратар Савета бясьпекі Аляксандар Вольфавіч, старшыня КДБ Іван Тэртэль, міністар абароны Віктар Хрэнін і начальнік галоўнага разьведвальнага ўпраўленьня – намесьнік начальніка Генштаба Узброеных сіл Уладзімір Купрыянаў.
Вайсковая дэлегацыя Казахстана на чале з міністрам абароны Русланам Жаксылыкавым 21 лістапада ўжо прыбыла ў Беларусь.
Паводле інфармацыі беларускага вайсковага ведамства, падчас візыту дэлегацыя сустрэнецца з міністрам абароны Віктарам Хрэніным, а таксама наведае Вайсковую акадэмію.
Беларусь і Казахстан зьяўляюцца саюзьнікамі ў рамках Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Вугоршчыны другі раз з пачатку году наведвае Менск для ўдзелу ў канфэрэнцыі аб бясьпецы ў Эўразіі