Сваякі Мікалая Статкевіча праз «другія рукі» атрымалі пацьверджаньне, што ён дагэтуль знаходзіцца ў глыбоцкай калёніі № 13, дзе сядзіць па чарзе то ў адзіночнай камэры ПКТ, то ў камэры штрафнога ізалятару.
«Яго пазбавілі права на званкі, пазбавілі адзінай на год перадачы і спатканьня. Сядзіць у адзіночнай камэры ПКТ, якую рэгулярна чаргуюць з ШЫЗА», — паведаміла крыніца, спаслаўшыся на чалавека, які адбывае пакараньне ў іншай калёніі, але нядаўна атрымаў зьвесткі пра глыбоцкую вязьніцу.
«280 дзён „цішыні“ мінула. Колькі яшчэ?» — гэтакім быў апошні допіс у фэйсбуку жонкі палітыка Марыны Адамовіч, якая вядзе падлік дзён вымушанага маўчаньня свайго мужа. Апошнім разам Марына Адамовіч атрымала ліст ад Мікалая Статкевіча 9 лютага.
Па стане на 21 лістапада Мікалай Статкевіч ужо 285 дзён не тэлефанаваў сваякам, ад яго не даходзяць лісты. Таксама да палітвязьня ня можа трапіць адвакат.
Былога кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 2010 году Мікалая Статкевіча затрымалі 31 траўня 2020 году і праз паўтара года асудзілі на 14 гадоў зьняволеньня ва ўмовах асаблівага рэжыму паводле 1 часткі артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя масавых беспарадкаў»).
Беларускія праваабаронцы прызналі Мікалая Статкевіча палітвязьнем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрадэпутат Аўштравічус спрабаваў высьветліць у начальніка калёніі, у якім стане знаходзіцца Статкевіч ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жонка Статкевіча паведаміла, што ад яго ўжо больш як месяц няма лістоў, адваката не пускаюць