Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Мэт’ю Мілер заявіў, што амэрыканскія ўлады адсочваюць сытуацыю, зьвязаную з вывазам украінскіх дзяцей у Беларусь.
«Беларусь зьяўляецца саўдзельнікам агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны. Гэта не бескарысьлівая трэцяя краіна, якая забясьпечвае прытулак дзецям у канфліктах. Гэтыя апэрацыі былі непрапарцыйна нацэленыя на ўразьлівых дзяцей, у тым ліку меркаваных сірот, дзяцей з абмежаванымі магчымасьцямі, дзяцей з малазабясьпечаных семʼяў і дзяцей зь сем'яў украінскіх вайскоўцаў», — сказаў Мэт’ю Мілер на брыфінгу 20 лістапада.
Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту адзначыў, што ў справаздачы, абнародаванай на мінулым тыдні, зафіксавана больш за 2400 дзяцей з Украіны ва ўзросьце ад 6 да 17 гадоў, якія былі перавезены ва ўстановы Беларусі.
«Яна [справаздача] задакумэнтавала цесную каардынацыю паміж расейскімі і беларускімі афіцыйнымі асобамі для садзейнічаньня гэтым рухам», — дадаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна ўвяла санкцыі ў дачыненьні да беларускага праўладнага актывіста Аляксея ТалаяУ той жа час Мэт’ю Мілер адзначыў, што ЗША маюць абмежаваную інфармацыю аб знаходжаньні ўкраінскіх дзяцей у Беларусі.
«Мы ня ведаем, ці зазнаюць далейшую эксплюатацыю дзеці, якіх дэпартуюць у Расею ці Беларусь, але яны, вядома, застаюцца вельмі ўразьлівымі для гандлю людзьмі. Такім чынам, гэта пытаньне, за якім мы працягваем вельмі ўважліва сачыць, робячы ўвесь спэктар ацэнак», — патлумачыў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША.
На пытаньне, ці ня прыйшоў час выдаць міжнародны ордэр на арышт Аляксандра Лукашэнкі, Мэт’ю Мілер адказаў, што ня хоча камэнтаваць пытаньне, якое уваходзіць у кампэтэнцыю Міжнароднага крымінальнага суду (МКС).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі падлетак, якога расейцы вывезьлі з Марыюпалю, празь Беларусь вярнуўся ва Ўкраіну. ВІДЭА- 17 сакавіка 2023 году Міжнародны крымінальны суд (МКС) у Гаазе выдаў ордэр на арышт Марыі Львовай-Бяловай і Ўладзіміра Пуціна — за незаконны вываз дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны.
- Беларускія дэмакратычныя сілы, а таксама дэпутаты Эўрапарлямэнту дамагаюцца, каб суд выдаў аналягічны ордэр у дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі, бо ўкраінскія дзеці таксама вывозяцца ў Беларусь.
- 13 верасьня Эўрапарламэнт прыняў рэзалюцыю з заклікам да МКС разгледзець такую магчымасьць.