У двух філіялах EPAM Systems разам працуе больш за 1,4 тысячы супрацоўнікаў. На другім месцы апынуўся Wargaming, дзе працуюць 933 супрацоўнікі, паведамляе Delfi са спасылкай на зьвесткі мясцовых фіскальных органаў.
За студзень — верасень 2023 году першая з гэтых кампаніяў заплаціла 15,8 млн эўра падаткаў (зь іх больш як 3 млн эўра — на прыбытак), другая — 11,8 млн эўра.
Сярод усіх юрыдычных асобаў EPAM Systems займае 58‑е месца сярод найбуйнейшых падаткаплатнікаў Літвы, Wargaming — 77‑е.
EPAM Systems — амэрыканская IT-кампанія, заснаваная ў 1993 годзе беларускімі прадпрымальнікамі Аркадзем Добкіным і Леанідам Лозьнерам. Першыя офісы былі адчыненыя ў ЗША і Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: EPAM вырашыў звольніць частку каманды ў БеларусіУ 2021 годзе кампанія заняла 1804‑е месца ў сьпісе Forbes Global 2000 і ўвайшла ў S&P 500.
Да прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі EPAM Systems актыўна пашырала штат сваёй філіі ў Беларусі, аднак на фоне палітычных рэпрэсіяў і ў сувязі з разьвязанай Расеяй вайной супраць Украіны супрацоўнікі кампаніі пачалі зьяжджаць з краіны. Цяпер яе офісы працуюць, сярод іншага, у Літве, Грузіі, Калюмбіі.
Кампанію Wargaming заснавала ў 1998 годзе каманда беларускіх распрацоўшчыкаў на чале зь менчуком Віктарам Кіслым.
7 ліпеня 2022 году кампаніі ў Беларусі і Расеі «Гейм стрым» і «Леста», якія належалі Wargaming, былі прададзеныя расейскаму бізнэсоўцу Маліку Хатажаеву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Распрацоўнік кампутарных гульняў Wargaming узначаліў топ-100 беларускіх бізнэсоўцаў
За тры месяцы да гэтага, 4 красавіка, Wargaming абвясьціў аб спыненьні працы ў Беларусі і Расеі. «За апошнія тыдні Wargaming правяла стратэгічны агляд бізнэс-апэрацыяў па ўсім сьвеце, — гаварылася ў паведамленьні на старонцы кампаніі ў сацсетцы LinkedIn. — Кампанія вырашыла, што ня будзе валодаць або кіраваць бізнэсам у Расеі і Беларусі і пакіне абедзьве краіны».
Штаб-кватэра Wargaming знаходзіцца ў Нікасіі (Кіпр), асноўны цэнтар распрацоўкі быў у Менску. Таксама цэнтры распрацоўкі разьмешчаныя ва Ўкраіне (Кіеў), Чэхіі (Прага), Фінляндыі (Хэльсынкі), ЗША (Сіетл, Чыкага, Балтымар, Остын) і Аўстраліі (Сыднэй).