«Выглядаў вельмі старым і стомленым»
18 лістапада зьявілася інфармацыя, што затрымалі пробашча касьцёла ў Валожыне ксяндза Генрыха Акалатовіча. Пра гэта напісала ініцыятыва «Хрысьціянская візія». На наступны дзень са спасылкай на некалькі крыніц яна паведаміла, што сьвятару закідаюць «здраду дзяржаве», за што можа пагражаць ад 7 да 15 гадоў турмы.
Гэтую інфармацыю не камэнтавалі ні сілавікі, ні чыноўнікі, ні ўлады каталіцкага касьцёла Беларусі. Дэталі справы і абставіны затрыманьня невядомыя.
Ксяндзу Генрыху 63 гады. Ён нядаўна перанёс інфаркт, апэрацыю на страўніку, мае анкалягічнае захворваньне, паведамляла «Хрысьціянская візія».
«Калі я яго бачыў, ён выглядаў вельмі старым і стомленым, але вельмі актыўным, адкрытым, Божым чалавекам», — падзяліўся са Свабодай каталіцкі вернік (мы не называем імя дзеля бясьпекі. — РС).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ксяндза з Навалукомля аштрафавалі за «экстрэмізм» і «несанкцыянаванае пікетаваньне»
Меў канфлікт з чыноўнікамі праз крыпту Радзівілаў
Генрых Акалатовіч нарадзіўся ў вёсцы Новая Мыш Баранавіцкага раёну ў традыцыйнай каталіцкай сям’і. Сьвятаром стаў у 1984 годзе, вучыўся ў сэмінарыі ў Рызе. Потым за мяжой пісаў навуковую працу, атрымаў доктарскую ступень. Ягоны малодшы брат Леанард таксама стаў сьвятаром, служыць у Берасьцейскай вобласьці.
Ксёндз Генрых служыць у валожынскім касьцёле ўжо 18 гадоў. Аднавіў разам з прыхаджанамі сем алтароў, расказваў ён у інтэрвію каталіцкаму «Радыё Марыя». Перад гэтым сьвятар працаваў у Браславе, Ракаве, Нясьвіжы, Бабруйску.
Вернікі, зь якімі пагаварыла Свабода, у сваёй характарыстыцы Акалатовіча вагаюцца ад вызначэньняў «ён круты» і «Божы чалавек», да «неардынарная асоба», «дзіўны чалавек» і «ніхто не сьвяты».
Калі сьвятар служыў у Нясьвіжы ў 1990-х гадах, у яго адбыўся канфлікт зь мясцовымі ўладамі праз крыпту Радзівілаў, якая знаходзіцца ў скляпеньнях касьцёла. Улады хацелі большага доступу да трунаў, а ксёндз ім супраціўляўся, расказала крыніца Свабоды. Неўзабаве пасьля гэтага яго перавялі служыць у іншае месца.
Яшчэ два гады таму разважаньні валожынскага пробашча публікавалі на сайце тамтэйшага райвыканкаму.
«У нашым касьцёле ёсьць вельмі прыгожы алтар Пана Езуса церпячага, які ўкаранаваны цярновай каронай і знаходзіцца за кратамі. Вернікі часта задаюць пытаньне: „А што азначаюць гэтыя краты?“. Краты — грахі чалавека. Як краты перашкаджаюць чалавеку недзе выйсьці, так грахі не дазваляюць прыйсьці чалавеку да Бога, а Богу — да чалавека», — пісаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Шчучыншчыне затрымалі ксяндза Антонія Адамовіча
Размаўляе па-беларуску
Ксёндз Генрых казаў раней, што размаўляе на беларускай мове і дома, і на працы.
«Мы жывём у Беларусі. Гэта наша Бацькаўшчына. Чалавек з самага дзяцінства ўбірае ў сябе мову», — казаў ён пра натуральнасьць беларускай мовы ў інтэрвію газэце «Звязда» два гады таму.
У касьцёле ён служыць па-беларуску і па-польску. Ксёндз Акалатовіч маліўся за свайго загінулага настаўніка ксяндза Ежы Росяка, якога ў савецкі час перасьледавалі ўлады, затрымалі і асудзілі на сьмерць, але потым замянілі пакараньне і выслалі яго ў канцлягер на 10 гадоў.
«Ён з каталікоў польскай традыцыі»
Поруч зь беларускасьцю Акалатовічу ўласьцівая і прыязнасьць да польскага, прызнаюць крыніцы.
«Ён з каталікоў польскай традыцыі. Думаю, у гэтай справе гэта немалаважна», — пракамэнтаваў Свабодзе суразмоўца, абазнаны ў справах касьцёла (мы не называем імя дзеля бясьпекі. — РС).
Ксёндз Акалатовіч падтрымліваў добрыя адносіны з польскімі дыпляматамі. У 2007 годзе каля касьцёла ў Валожыне паставілі помнік сьвятому Яну Паўлу ІІ. Фінансавала такія помнікі ў тым ліку польская амбасада. Ксёндз Акалатовіч двойчы бачыўся зь Янам Паўлам ІІ. Пантыфік цёпла выказваўся пра беларусаў і хацеў наведаць Беларусь, пераказваў беларускі сьвятар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Лідзе затрымалі каталіцкага ксяндза, зьявіліся паведамленьні пра зьбіцьцё сьвятароў архікатэдральнага касьцёлу ў Менску«Калі б быў склад злачынства, мы б ужо пра гэта ведалі»
Сутнасьць прэтэнзій да арыштаванага ксяндза невядомая.
«Ня думаю, што склад злачынства можна будзе знайсьці ў ягоных учынках. Калі б быў склад злачынства, мы б ужо пра гэта ведалі, прапаганда б гэта адразу выкарыстала. А так яны маўчаць. Незразумела, узялі ці не ўзялі, ніхто нічога не камэнтуе. Значыць, нічога няма», — выказвае меркаваньне наконт арышту ксяндза Генрыха каталіцкі вернік, абазнаны ў справах касьцёла.
Ён выказвае здагадку, што нагодай для арышту магло стаць «чульлівае сэрца сьвятара на несправядлівасьць, якая дзеецца ў нашай краіне».
«Думаю, ён ня мог не адрэагаваць, калі, будучы палякам зь перакананьня, бачыў, як побач са зьнішчэньнем усяго беларускага нішчыцца таксама і польскае. Нармальны чалавек ня мог бы спакойна рэагаваць тады, калі нішчылі польскія могілкі ў Беларусі, перасьледавалі польскія школы», — суразмоўца Свабоды падкрэсьлівае, што гэта толькі ягоныя здагадкі.
Як стала вядома Свабодзе, сьвятары ў Беларусі не абмяркоўваюць публічна гэты выпадак. Аднак у нядзелю 19 лістапада ў беларускіх касьцёлах маліліся за ксяндза Генрыха, хоць не агучвалі, чаму моляцца менавіта за яго, паведамляла выданьне.
«Улады касьцёла паводзілі сябе тады вельмі кепска»
Дзесяць гадоў таму, у траўні 2013 году, затрымалі ксяндза Ўладыслава Лазара, які тады служыў у Барысаве. Яго таксама падазравалі ў «здрадзе дзяржаве», нібыта ён аказаў грашовую дапамогу чалавеку, якога абвінавацілі ў шпіянажы супраць Беларусі. Лазара больш за паўгода трымалі ў СІЗА КДБ у Менску, вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе.
Той выпадак так і застаўся таямнічым. Суду над ксяндзом Лазарам не было. Што са справай, невядома. Выпадак не камэнтавалі ні сам вызвалены сьвятар, ні касьцельныя ўлады, ні чыноўнікі і спэцслужбы.
«Сьвятар тады сябе не лічыў вінаватым. Але яго зьняславілі. Улады касьцёла паводзілі сябе тады вельмі кепска. Касьцёл павінен бараніць сьвятара, а мітрапаліт тады ўмыў рукі», — камэнтуе суразмоўца Свабоды.
Пасьля вызваленьня ксяндза Лазара касьцельныя герархі яго ніяк не каралі. Гэта можа пацьвярджаць, што ён не парушыў закон, адзначае вернік. Тады ксяндза Ўладыслава перавялі служыць на Валожыншчыну ў вёску Камень, дзе ён працуе дагэтуль.
Пасьля 2020 году ў Беларусі завялі прынамсі яшчэ адну крымінальную справу на каталіцкага сьвятара — ксяндза Дзьмітрыя Прыступу нібыта за «гвалт над міліцыянтам», але ён пасьпеў выехаць зь Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я меў 15 хвілін, каб сабраць свае рэчы». Гутарка зь беларускім ксяндзом, які «пракаціў» на капоце вайскоўца падчас пратэстаў