У Варшаве на беларускіх пляцоўках рэгулярна праходзяць розныя падзеі. Сэмінар у бясьпецы 18 лістапада на новай пляцоўцы «Беларускага моладзевага хабу» сабраў каля 20 удзельнікаў. Меркавалася, што на ім выступяць спэцыялісты ў галіне бясьпекі — лічбавай, фінансавай, фізычнай. Зь вітальным словам да ўдзельнікаў сэмінару меўся зьвярнуцца спонсар мерапрыемства, нейкі Фаб’ё Цымэр, «прадстаўнік Эўразьвязу».
Але ў выніку на экране зьявіўся намесьнік начальніка сьледчага ўпраўленьня КДБ Канстанцін Бычак.
«Перш за ўсё ад імя Камітэту дзяржаўнай бясьпекі я хацеў бы падзякаваць грамадзяніну Аксёнаву за працяглае і плённае супрацоўніцтва з намі. Што ж тычыцца іншых удзельнікаў сэмінару, зьвяртаю вашу ўвагу, што спробы замахнуцца на беларускую дзяржаўнасьць у цывілізаваных краінах называюцца экстрэмізмам і кваліфікуюцца паводле адпаведных артыкулаў Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь», — заявіў Бычак і заклікаў удзельнікаў сэмінару «прыйсьці і пакаяцца» ў беларускія «кампэтэнтныя органы».
Пагутарылі з «грамадзянінам Аксёнавым» пра тое, як так магло атрымацца.
Уся інфармацыя, якую перадаў, была ў адкрытым доступе
Супрацоўнік тэлеканалу АНТ Ігар Тур сьцьвярджае ў сюжэце, што Алег Аксёнаў па заданьні КДБ (сам ён думаў, што выконвае тэставыя заданьні на пасаду аўдытара для структуры ЭЗ. — РС) хадзіў на закрытыя мерапрыемствы і здабываў там інфармацыю, у тым ліку запісваў яе на дыктафон.
«Гэта хлусьня. Я наведаў некалькі мерапрыемстваў, але ўсе яны былі адкрытыя. Кожны мог прыйсьці, убачыць і пачуць тое, што бачыў і чуў я, На дыктафон я не запісваў», — кажа актывіст.
Па словах Аксёнава, на яго выйшаў чалавек, які прадставіўся Андрэем і заявіў, што шукае кандыдата на пасаду аўдытара для падліковай камісіі. Аўдытар мусіў дапамагаць ім пільнаваць расходаваньне сродкаў, якія выдаткоўвае ЭЗ. «„Андрэй“ „купіў“ мяне тым, што мае рэкамэндацыі ад аднаго з дэпутатаў Эўразьвязу. Я сапраўды меў сустрэчы з тым дэпутатам. Сустрэчы былі не закрытыя, мы размаўлялі на адным мерапрыемстве. І вось „Андрэй“ увайшоў у давер, бо нагадаў мне, пра што менавіта я размаўляў з тым дэпутатам», — тлумачыць Аксёнаў.
Пасьля «Андрэй» прапанаваў актывісту тэставыя заданьні, запрасіў ягоныя пашпартныя зьвесткі для таго, каб зрабіць ангельскую візу. Суразмоўца сьцьвярджаў, што адзін з офісаў «падліковай камісіі ЭЗ» знаходзіцца ў Лёндане (Вялікая Брытанія не ў ЭЗ. — РС).
«Каб я пачаў правяраць таго чалавека ці існаваньне такога офісу ў Лёндане, было б, вядома, па-іншаму. Але я на той момант давяраў гэтаму чалавеку і нічога не зрабіў, на жаль», — кажа актывіст.
Яму даслалі анкету для збору інфармацыі і Аксёнаў пачаў выконваць «тэставыя заданьні». Ён хадзіў на беларускія мерапрыемствы, напрыклад як сумесная канфэрэнцыя Зянона Пазьняка і палка Каліноўскага, і пісаў справаздачы.
«Там нічога такога я ім не „накапáў“. Першы час мне было цікава, бо абяцалі сталую працу і выправы ў іншыя краіны. Пасьля некалькіх месяцаў такога „супрацоўніцтва“ я страціў да гэтага інтарэс», — кажа актывіст.
КДБ заплаціў за арэнду памяшканьня і «кава-паўзу» 300 эўра
Аксёнаў кажа, што за справаздачы атрымліваў грошы. Усяго за 5 справаздач атрымаў 250 эўра, адным плацяжом. Пасьля «Андрэй» праявіў ініцыятыву і прапанаваў правесьці два сэмінары ў бясьпецы, 18 і 25 лістапада. Ён як «прадстаўнік ЭЗ» папрасіў знайсьці сьпікераў. Кожнаму сьпікеру «Андрэй» абяцаў выплаціць паміж двума сэмінарамі па 100 эўра. За арэнду памяшканьня (200 эўра) і «кава-паўзу» (100 эўра).
«Андрэй перавёў грошы. «Ну вось за гэтыя грошы сэмінар і праводзілі. Праўда, сьпікерам не заплацілі, „кінулі“», — кажа Аксёнаў.
У новым сюжэце, які выпусьцілі прапагандысты 19 лістапада, яны заявілі, што Аксёнаў па заданьні КДБ («прадстаўнікоў Эўразьвязу». — РС) здымаў аўтамабільныя нумары на паркоўцы польскіх спэцслужбаў. Аксёнаў сьцьвярджае, што такога відэа ён не здымаў і нікому ня слаў.
«Хочуць, каб у мяне былі праблемы з польскімі ўладамі. Каб, скажам, пайшла гаворка пра маю дэпартацыю ці яшчэ што», — лічыць актывіст.
Пасьля таго, што адбылося, прызнаецца актывіст, ён ужо бачыць моманты, якія мусілі насьцярожыць: «офіс структуры ЭЗ» у Лёндане, асоба «Андрэя», пераводы грошай ад фізычнай асобы.
«Што казаць. Трэба мець галаву на плячах, у любым узросьце трэба мець мазгі ў галаве. Бывае, што жыцьцёвы досьвед нічому не вучыць. Я раней сам іншых вучыў, як сябе паводзіць. І яны дзякуючы мне мінулі многія пасткі і цяпер удзячныя. Тут вось, бачыце, сам уляпаўся. У нейкі момант нешта „выключылася“. Ды і там наўрад ці бяруць дурных, маю на ўвазе ўменьне маніпуляваць», — са скрухай кажа Аксёнаў.
Ён дадаў, што ад зьяўленьня супрацоўніка на экране ў яго быў шок.
Па словах актывіста, пакуль ён не пачуў папрокаў ад удзельнікаў сэмінару. Хоць і прызнаецца, што чакаў больш жорсткага стаўленьня да сябе і быў бы згодны з такім.
«Некаторыя ніяк ня выказаліся, іншыя паспачувалі (апроч аднаго, ну ды ладна)», — дадаў актывіст.
Ён лічыць, што такое «апэратыўнае мерапрыемства» КДБ было накіраванае на дыскрэдытацыю як самога Аксёнава, у першую чаргу, так і дэмакратычнага руху.
«Я з 2012 году стаю на ўліку ў КДБ, неаднаразова меў папярэджаньні ад іх. У 2022 годзе, пасьля 15 сутак, я ўцёк з-пад іхнага носу за мяжу, вось яны і вырашылі адыграцца на мне», — дадаў актывіст.
Слухалі пра фінансавую бясьпеку, і тут «уклініўся» супрацоўнік КДБ
Адзін з удзельнікаў сэмінару таксама расказаў Свабодзе, як усё адбывалася.
«Людзей было ня надта шмат, каля дваццаці, здаецца, чалавек. Спачатку выступаў палітык Вячаслаў Сіўчык. Але ён больш расказваў пра барацьбу з уладамі ў Беларусі і як там каго выкрадалі, і як каго баранілі. Пасьля яго пачаў выступаць спэцыяліст у фінансавай бясьпецы — вучыў, як абараніцца ад махляроў, якія вымантачваюць грошы ад імя банкаў», — кажа ўдзельнік сэмінару.
Паводле яго, арганізатар сэмінару Алег Арсёнаў, прыпыніў выступ спэцыяліста ў бясьпецы і заявіў, што зараз праз Zoom з удзельнікамі сэмінару зьвяжацца «ўплывовы прадстаўнік ЭЗ і спонсар сэмінару».
«У першыя хвіліны многія не паверылі таму, што бачаць на экране, так і я. Думаў, гэта такая гульня, праверка на бясьпеку ці розыгрыш. Калі аказалася, што гэта праўда, то быў натуральны шок. Вось табе і бясьпека!» — дадаў удзельнік сэмінару.
Ён кажа, што «разборак» з Аксёнавым ніхто не рабіў і скандалу не было.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Магілёўскі актывіст Аксёнаў: «Прымушалі прылюдна здымаць трусы і прысядаць»
Спробы выцягнуць інфармацыю адбываюцца рэгулярна
Каардынатар ByHelp Аляксей Лявончык кажа, што «невядомыя» рэгулярна робяць спробы выцягнуць інфармацыю.
«Бо частка нашай каманды працягвае працу ў Беларусі, у нас вялікая колькасьць грошай выплачваецца пацярпелым ад рэпрэсій. І гэта было зроблена і робіцца, без усялякіх праблем і арыштаў нашых людзей. Гэта вельмі разьюшвае КДБ. Яны вельмі хочуць ведаць, як гэтыя грошы прыходзяць ад нас. Бо яны тупа ня ведаюць, што адбываецца», — тлумачыць Лявончык.
Аляксей прыводзіць прыклад, калі да фонду зьвярнуўся чалавек, які прадставіўся пацярпелым ад рэжыму. Ягоную гісторыю Лявончык спраўдзіў, такі чалавек існаваў сапраўды. Але ці менавіта ён зьвярнуўся ў фонд? Гэта хацелі праверыць празь відэазванок, але чалавек адмаўляўся.
«Потым мяне пачалі атакаваць людзі з розных акаўнтаў, падпісаных мужчынскімі імёнамі цалкам, на расейскай мове. Пасыпаліся папрокі: „Вы нас падманулі, дзе грошы?“. На маё патрабаваньне прыслаць відэа яны даслалі вельмі грубую склейку. Тады я іх проста забаніў», — патлумачыў каардынатар.
Аляксей Лявончык раіць людзям быць пільнымі і правяраць чалавека, які зьвяртаецца з просьбамі ці прапановамі. Аптымальным сродкам праверкі Лявончык лічыць відэазванок, «і не відэазапіс, менавіта званок, бо яго цяжэй падрабіць».
«Таксама варта „пагугліць“ гэтага чалавека, паглядзець ягоныя фота. Калі гэта прадстаўнік афіцыйнай структуры, то зьвярнуцца ў іх службу з пытаньнем, ці працуе такі чалавек у іх. У выпадку Аксёнава ён проста „лажануўся“. З усімі бывае. Да мяне неяк зьвярнуліся нібыта прадстаўнікі адной крутой канфэрэнцыі. Я быў перакананы хвілін 15, што гэта яны і ёсьць. Але праверыў іх асобы, аказалася, што не», — дадаў Лявончык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Галадоўка, холад, расьцяжкі». Магілёўскія палітыкі пра новыя парадкі ў мясцовым ізалятары
Хто той супрацоўнік КДБ, які наведаў сэмінар праз Zoom
Да 2020 году Канстанцін Бычак быў мала вядомы беларускай публіцы. Чалавек з такімі дадзенымі ў 2013 годзе праводзіў сьледзтва ў справе ксяндза Ўладзіслава Лазара, затрыманага за «здраду дзяржаве». Пасьля ксяндза адпусьцілі.
У разгар пратэстаў у 2020 годзе Бычак, які тады працаваў начальнікам аддзелу сьледчага ўпраўленьня КДБ, заявіў па тэлеканалу «Беларусь-1», што дзеяньні ўдзельнікаў маршаў, «накіраваныя на дэстабілізацыю грамадзкага парадку», КДБ будзе трактаваць як «акты тэрарызму».
У ліпені 2020 году Бычак выступаў па тэлевізары з заявай аб доказах віны фігурантаў справы «Белгазпрамбанку» на чале зь Віктарам Бабарыкам.
Пасьля выкраданьня Марыі Калесьнікавай ў верасьні 2020 году яна расказала журналістам, што мела гутарку з высокімі чынамі міліцыі і КДБ, у ліку якіх быў і Бычак. «Яго цікавілі ўсе актыўнасьці — напісаньне тэкстаў выступаў, удзел у Каардынацыйнай радзе», — казала Калесьнікава (https://ru.krymr.com/a/chto-proizoshlo-za-den-v-belarusi/30939010.html)
Цяпер Бычак — намесьнік начальніка сьледчага ўпраўленьня КДБ і часты госьць на дзяржаўнай тэлевізіі. У асноўным ён камэнтуе палітычныя справы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ правёў апэрацыю з правядзеньнем у Варшаве форуму пра бясьпеку