Ва Ўкраіне за махінацыі падчас будаўніцтва дарог на Валыні асудзілі кіраўніка беларускага дарожнага прадпрыемства

Беларускія будаўнікі дарог на адным з аб'ектаў ва Ўкраіне ў сакавіку 2020 году. Архіўнае фота

Да вайны беларускія дарожныя будаўнічыя кампаніі выйгравалі мільярдныя тэндэры ва Ўкраіне. Работы фінансавалі зь дзяржаўнага бюджэту Ўкраіны.

Луцкі міжраённы суд Валынскай вобласьці асудзіў галоўнага інжынэра ТАА «Дарожна-будаўнічы трэст № 4» (Берасьце) Аляксандра Зарэцкага на 7 гадоў пазбаўленьня волі за прысваеньне чужой маёмасьці і на 2 гады пазбаўленьня волі за падробку службовых дакумэнтаў.

Вядзецца аб прысваеньні бюджэтных сродкаў, за якія ажыцьцяўляўся рамонт 3,2 кілямэтра дарогі ў Старавыжаўскім раёне Валынскай вобласьці. Адпаведны тэндэр на правядзеньне дарожных работ у 2019 годзе выйграла ўкраінска-беларуская кампанія «Белаўтадар-Украіна» (яе маёмасьць і рахункі арыштавалі пасьля пачатку расейскага ваеннага ўварваньня, цяпер кампанія знаходзіцца ў стадыі банкруцтва), а работы выконвала ўкраінскае прадстаўніцтва берасьцейскага дарожна-будаўнічага трэсту № 4, якое ачольваў Аляксандар Зарэцкі.

Кошт работ склаў 13 мільёнаў 491 тысяч грыўняў (крыху больш як паўмільёна даляраў у эквіваленце паводле курсу 2019 году. — РС).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы скандал з удзелам беларускіх дарожнікаў. Аднаму з мэнэджараў забаранілі выезд з Украіны

У прыватнасьці, паводле матэрыялаў справы, украінскае прадстаўніцтва берасьцейскага дарожна-будаўнічага трэсту № 4 выкарыстоўвала для работ асфальтна-бэтонную сумесь горшай якасьці, чым гэта прадугледжваў кантракт, але ў дакумэнтах праводзілі матэрыялы найвышэйшай якасьці.

Справу супраць грамадзяніна Беларусі завялі 6 траўня 2020 году. З таго моманту Аляксандар Зарэцкі знаходзіўся ва Ўкраіне пад падпіскай аб нявыезьдзе. Цяпер яму 63 гады.

Суд таксама пастанавіў канфіскаваць у Аляксандра Зарэцкага маёмасьць, а таксама забараніў яму на тры гады займаць адказныя пасады на прадпрыемствах і ва ўстановах.

Апроч таго, грамадзянін Беларусі павінен выплаціць кампэнсацыю Дэпартамэнту інфраструктуры Валынскай абласной адміністрацыі за нанесеную шкоду ў памеры 1,363 мільёна грыўняў (прыблізна 40 тысяч даляраў паводле афіцыйнага курсу Нацыянальнага банку Ўкраіны. — РС), а таксама кампэнсаваць дзяржаве вартасьць правядзеньня экспэртыз, якая склала 16,8 тысяч грыўняў (470 даляраў у эквіваленце).

Асуджаны можа абскардзіць вырак цягам 30 дзён. Да моманту разгляду апэляцыі вырак не набудзе юрыдычнай моцы, а ён будзе заставацца пад падпіскай аб нявыезьдзе з Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ да вайны вывелі актывы і прадалі тэхніку. Падрабязнасьці крымінальных спраў супраць беларускіх прадпрыемстваў ва Ўкраіне

Беларускія дарожнікі ва Ўкраіне

З 2017 году беларускія дарожнікі стала ўдзельнічалі ў тэндэрах на будаўніцтва і рамонт дарог ва Ўкраіне. У жніўні 2019 году яны выйгралі адзін з найбольшых тэндэраў у Ровенскай вобласьці вартасьцю больш як 30 мільёнаў даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінцы перакрылі трасу, бо незадаволеныя якасьцю працы беларускіх аўтадарожнікаў

Пасьля гэтага беларускія перамогі на тэндэрах часта суправаджаліся скандальнымі і нават крымінальнымі навінамі: у лютым 2019 году ва ўкраінскім горадзе Новы Буг на Мікалаеўшчыне невядомыя падпалілі беларускі асфальтабэтонны завод, у красавіку 2019-га ў Навабускім раёне Мікалаеўскай вобласьці мясцовыя жыхары, незадаволеныя якасьцю працы беларускіх аўтадарожнікаў, перакрывалі трасу.

Цягам апошніх некалькіх гадоў, яшчэ да пачатку расейскага ваеннага ўварваньня, у памяшканьні беларуска-украінскай кампаніі «Белаўтадор-Украіна» адбыліся некалькі вобшукаў. Цяпер аднаго з мэнэджараў падазраюць у крымінальных злачынствах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускіх будаўнікоў падазраюць у раскраданьні бюджэту Ўкраіны. Беларусы лічаць, што іх «замовілі»

Тады ў беларуска-ўкраінскім прадпрыемстве «Белаўтадар-Украіна» называлі ўсе гэтыя крымінальныя справы «заказам, каб выціснуць беларускіх дарожнікаў з украінскага рынку».

З моманту расейскага ваеннага ўварваньня, якое падтрымаў Аляксандар Лукашэнка, ва Ўкраіне арыштавалі рахункі і маёмасьць усіх украінскіх кампаній, заснавальнікамі якіх былі дзяржаўныя прадпрыемствы Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне сканфіскавалі тэхніку трох беларускіх дарожна-будаўнічых трэстаў