На канфэрэнцыі прысутнічалі прадстаўнікі акадэмічнай супольнасьці ЭГУ, унівэрсытэтаў-партнэраў у Літве і іншых краінах, якія абмяркоўвалі міжнародныя стандарты ў галіне працоўных праваадносінаў (у тым ліку адукацыю і акадэмічныя дасьледаваньні) з мэтай шырэйшага прымяненьня іх у практыцы рэалізацыі права на асацыяцыю, у тым ліку права на стварэньне прафсаюзу.
Арганізатары канфэрэнцыі лічаць, што цяперашняя крызісная сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі павінна матываваць беларусаў, студэнтаў і выкладчыкаў, актыўна выкарыстоўваць свае правы і свабоды, у тым ліку права на свабоду аб’яднаньня ў прафсаюз, у тым ліку для таго, каб атрымаць досьвед дэмакратычнага ўдзелу ў кіраваньні краінай у будучыні.
На канфэрэнцыі выступілі доктар Кшыштаф Рыбінскі, рэктар ЭГУ; Людміла Ульяшына, кіраўніца Цэнтру канстытуцыяналізму і правоў чалавека; Марыя Жарылоўская, каардынатар Aкадэмічнага дэпартамэнту сацыяльных навук, кандыдат юрыдычных навук; Лаўра Мат'яшайціце, адвакатка, сябра камітэту па працоўным праве Літоўскай калегіі адвакатаў, выкладчыца Ўніверсітэту Казімераса Сіманавічуса; Вітаўтас Валенцінавічус, кандыдат палітычных навук, выкладчык ЭГУ, малодшы навуковы супрацоўнік Ковенскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту, кіраўнік аддзелу па правах чалавека Канцылярыі Амбудсмэна Сейма; Юры Рававы, сузаснавальнік аб’яднаньня працаўнікоў «Рабочы рух», і іншыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: старшыню БКДП Аляксандра Ярашука пераводзяць у крытую турмуУ рамках канфэрэнцыі ў ЭГУ таксама адкрылася выстава, прысьвечаная палітзьняволеным актывістам беларускага рабочага руху і студэнтам унівэрсытэту.
«Выстава была зробленая з дапамогай студэнтаў і студэнтак ЭГУ. Вядома, на ёй ня ўсе палітзьняволеныя, а толькі маленькая частка, найбольш вядомыя зь іх. Мы ў ЭГУ, як у куточку Беларусі ў Вільні, лічым неабходным памятаць і нагадваць пра палітзьняволеных, асабліва з рабочага руху. Бо яны цяпер за кратамі за нас», — расказала Марыя Жарылоўская, юрыстка-праваабаронца, каардынатарка акадэмічнага дэпартамэнту сацыяльных навук ЭГУ, якая была куратарам выставы.
Марыя зазначыла, што ў ЭГУ ёсьць сыстэма фінансавай падтрымкі для рэпрэсаваных студэнтаў і сваякоў прафсаюзных актывістаў.
Выстава — гэта 52 плякаты, на іх 9 прадстаўнікоў ЭГУ (студэнтаў і выкладчыкаў, якія цяпер за кратамі, серад іх вядомыя беларускія дзеячы Наста Лойка, Тацяна Кузіна, Мікола Дзядок, Марфа Рабкова) і 43 актывісты прафсаюзнага руху. Гэта выявы са здымкамі палітзьняволеных, тэрмін пакараньня ды QR-код, празь які можна прачытаць больш пра вязьня.
Прыйсьці на выставу можна ўсім з 9 да 18 у працоўныя дні, канец выставы пакуль што не плянуецца.
Адрас: Savičiaus g. 17, выстава ў калідоры на 2-м паверсе вучэльні.
Перасьлед лідэраў прафсаюзаў у Беларусі
Усяго ў вязьніцах Беларусі цяпер 51 актывіст незалежнага прафсаюзнага руху Беларусі.
Раней стала вядома, што зьняволенага старшыню Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука пераводзяць са шклоўскай калёніі ў «крытую турму» ў Магілёве. Лідэра БКДП арыштавалі ў красавіку 2022 году і асудзілі на 4 гады зьняволеньня паводле 342 і 361 артыкулаў Крымінальнага кодэксу — за «арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», і «заклікі да дзеяньняў, якія наносяць шкоду нацыянальным інтарэсам краіны». Сваёй віны Аляксандар Ярашук не прызнаў, праваабаронцы Беларусі прызналі яго палітвязьнем.
Праблемы са здароўем маюць у няволі і іншыя зьняволеныя лідэры незалежнага прафсаюзнага руху. У Генадзя Фядыніча, якога трымаюць у Бабруйскай калёніі № 2, пачаліся праблемы з ныркамі, а ў яго яшчэ і цукровы дыябэт. У Васіля Берасьнева, які адбывае пакараньне ў 15-й калёніі пад Магілёвам, таксама хворыя ныркі. Там жа адбывае тэрмін у 8 гадоў Вацлаў Арэшка. У яго вельмі складана са зрокам, адным вокам зусім ня бачыць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шматгадовага кіраўніка незалежнага прафсаюзу на «Гродна Азоце» вызвалілі з магілёўскай калёніі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нырку не перасадзілі». Палітвязьня Васіля Берасьнева вярнулі ў калёнію