Партал «Аўтабізнэс» усё ж спыніць працу

Скрыншот галоўнай старонкі «Аўтабізнэсу» 9 лістапада, калі ён працягнуў абнаўляцца, каб праз 10 дзён заявіць, што ўсё ж закрываецца

Сайт зноў паведаміў пра тое, што спыняе дзейнасьць.

На партале «Аўтабізнэс» зноў зьявілася паведамленьне аб тым, што праект спыніць сваю працу. 19 лістапада — апошні дзень яго працы.

«Мы хацелі бы падзякаваць вам за адданасьць — многія з намі з часоў газэты „Автобизнес“; за падтрымку і крытыку — ваша меркаваньне заўсёды было важным для нас, таму да апошняга захоўвалі камэнтары пад матэрыяламі; за ўважлівасьць — колькі памылак выпраўлена дзякуючы вам! Вы самыя спрактыкаваныя, вопытныя і тэхнічна пісьменныя чытачы — аўтарам даводзілася трымаць вельмі высокую плянку, каб інфармацыя адпавядала вашым патрабаваньням», — напісана ў разьвітальным паведамленьні на партале.

Праект працаваў 30 гадоў і асьвятляў аўтамабільную праблематыку, на ім можна было разьмяшчаць абвесткі пра продаж аўтамабіляў, чытаць пра тэхнічныя навінкі, даведвацца пра дарожную сытуацыю.

8 лістапада заснавальнікі ТАА «Бонусторг», якому належыць выданьне «Аўтабізнэс», пракамэнтавалі на сайце «Аўтабізнэс» нядаўні арышт дырэктара кампаніі Віталя Палякова і паведамілі, што «з прычыны розных абставінаў падышлі да таго моманту, калі гатовыя спыніць працу сайта ABW.BY».

Але ўжо 9 лістапада, калі інфармацыя пра закрыцьцё «Аўтабізнэсу» пасьпела шырока распаўсюдзіцца, рэдакцыя без тлумачэньняў працягнула абнаўляць старонку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Партал «Аўтабізнэс» працягвае працу, заяву пра закрыцьцё праекту выдалілі з сайту

Цяпер выглядае, што праект усё ж канчаткова спыняе сваю працу.

  • 28 кастрычніка ў тэлеграм-канале ГУБАЗіК зьявілася відэа затрыманьня дырэктара парталу ABW.BY Віталя Палякова. Яго прымусілі сказаць, што ён браў удзел у акцыях пратэсту, а таксама назваць свой заробак.
  • У студзені 2023 году суд Фрунзэнскага раёну Менску асудзіў галоўнага рэдактара ABW.BY Юлію Мудрэўскую на 1,5 года калёніі па артыкуле аб парушэньні грамадзкага парадку, а рэдактара спэцпраектаў парталу Юрыя Гладчука — на 2,5 года калёніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чалы: Імпарт кітайскіх аўтамабіляў выгаднейшы за зборачную вытворчасьць у Беларусі і Расеі