14 лістапада Лукашэнка выказаўся пра таксістаў і запатрабаваў «адзіных правілаў гульні для ўсіх».
«Вызначыць трэба, якія функцыі бярэ на сябе дзяржава як рэгулятар: як будзе ажыцьцяўляцца татальны кантроль у гэтай сфэры, якія дадатковыя абавязкі зьявяцца ў перавозчыкаў», — сказаў Лукашэнка.
Намер узмацніць кантроль за перавозкамі, у тым ліку таксістамі, ня сьвежы. Яшчэ 8 чэрвеня зьявіўся праект указу Лукашэнкі пра гэта.
Дакумэнт прадугледжвае:
- Стварэньне «рэестру аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах». У яго хочуць уключыць усіх дыспэтчараў, перавозчыкаў, кіроўцаў і транспартныя сродкі. Калі перавозчык не ў рэестры — ён працуе незаконна. Каб трапіць у рэестар, трэба плаціць. За адну машыну дзьве базавыя велічыні (74 рублі). За аднаго кіроўцу — адна (37 рублёў). За дыспэтчара — 100 базавых (3700 рублёў).
- Усталяваньне для кіроўцаў абавязковых відэарэгістратараў у салёне, каб была відэафіксацыя працэсу перавозкі. Гэтыя запісы ў любы момант могуць запатрабаваць сілавікі і кантрольныя органы.
- Абавязковую рэгістрацыю юрыдычнай асобы ў Беларусі для замежных кампаній. І выкарыстаньне беларускіх інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў для забесьпячэньня дзейнасьці.
Апошні пункт найперш датычыць папулярнага ў Беларусі сэрвісу «Яндекс-такси». Аднак там выданьню Office Life адказалі, што яны ўжо зарэгістравалі юрасобу ў Беларусі.
«Мы адпавядаем заяўленым патрабаваньням: доступ да сэрвісу „Яндэкс Go“ у Беларусі даўно прадастаўляецца беларускай юрыдычнай асобай, а інфармацыйны рэсурс знаходзіцца ў нацыянальным сэгмэнце інтэрнэту і прайшоў адпаведную рэгістрацыю», — паведамілі ў сэрвісе.
Што гэта значыць для таксістаў
У Беларусі працуюць некалькі перавозчыкаў. «Яндэкс-таксі» — самы буйны. Таксама ў Менску працуюць некалькі традыцыйных службаў: 135, 107,152. Яны маюць шэраг адрозьненьняў ад «Яндэксу». Напрыклад, у службы таксі цяпер ёсьць абавязковы агляд лекара і мэханіка перад выездам. А ў кіроўцаў «Яндэкс-таксі» такога няма, што спрашчае працу. Пасьля ўвядзеньня новых правілаў усё зьменіцца. Пра гэта Свабодзе расказалі некалькі чалавек, якія працуюць таксістамі.
«Будзе шмат выдаткаў, стане складаней падпрацоўваць. У „Яндэкс-таксі“ працуе шмат людзей, якія маюць іншую працу, а гэта (таксаваньне. — РС) проста падпрацоўка. Машын стане менш і добра ад новаўвядзеньняў нікому ня будзе. Паездка таксама, хутчэй за ўсё, падаражэе», — расказвае таксіст.
На рост цэнаў, паводле суразмоўцы, паўплывае неабходнасьць праходзіць агляд лекараў, мэханіка, траціцца на пошліны і камэры. Паводле другой крыніцы, «Яндэкс-таксі» ад зьменаў нікуды не падзенецца. Аднак кіроўцы, якія раней свабодна падпрацоўвалі з дапамогай сэрвісу, больш ня будуць мець адносна лёгкага прыбытку.
«Дадатковыя выдаткі для кіроўцаў і кантроль для пасажыраў»
Паводле прадстаўніка Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой (ABBA) Юрыя Козікава, новы праект указу мае «вялікую колькасьць неўрэгуляваных пытаньняў». А яго прыняцьце прывядзе да выдаткаў з боку перавозчыкаў.
«Для перавозчыкаў і дыспэтчараў новыя нормы — гэта дадатковыя арганізацыйныя і фінансавыя выдаткі, напэўна даволі істотныя, дадатковыя мэханізмы кантролю і забароны дзейнасьці з боку дзяржавы. Для кіроўцаў — рызыка забароны дзейнасьці ў выпадку выключэньня з рэестру перавозчыкаў, дадатковы кантроль перасоўваньня. Для карыстальніка — дадатковы кантроль перамяшчэньня з боку дзяржавы, перадача зьвестак сілавым структурам, узрастаньне тарыфаў; магчыма, праблемы з інфармацыйнымі сэрвісамі», — кажа Юры Козікаў.
Таксама ён зьвяртае ўвагу на «няякасную ступень прапрацоўкі нормаў указу». Гэта таксама можа прывесьці да «цяжкасьці з працай у легальным полі да моманту прыняцьця удакладняльных актаў з дэталізацыяй навацый». Плянуецца, што новы ўказ запрацуе з другога паўгодзьдзя 2024 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 20 затрыманых за нясплату падаткаў: КДБ узяўся за маршрутчыкаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сваякі загінулых у маршрутцы пад Смалявічамі патрабуюць да 100 тысяч рублёў кампэнсацыі