16 лістапада Лябараторыя гуманітарных дасьледаваньняў Ельскай школы грамадзкай аховы здароўя (Yale HRL) апублікавала справаздачу «Супрацоўніцтва Беларусі з Расеяй у сыстэматычнай дэпартацыі дзяцей Украіны», якая дакумэнтуе ролю Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўнікоў ягонага рэжыму ў перамяшчэньні дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны ў Беларусь.
Справаздача зьмяшчае асноўныя высновы пра колькасьць дэпартаваных украінскіх дзяцей, месцы, маршруты і праграмы перамяшчэньня, а таксама ключавыя постаці ў прыняцьці і выкананьні рашэньня аб перамяшчэньні.
HRL, спасылаючыся ў тым ліку на зьвесткі «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня», устанавіла, што сама меней 2 442 ўкраінскіх дзяцей ва ўзросьце ад 6 да 17 гадоў, уключаючы дзяцей з уразьлівых групаў, былі перамешчаныя з 17 гарадоў Украіны прынамсі ў 13 установаў Беларусі за пэрыяд з пачатку вайны да 30 кастрычніка 2023 году. Пры гэтым 2 050 украінскіх дзяцей трапілі ў беларускі лягер «Дубрава». Як адзначае HRL, гэтыя лічбы атрымліваецца пацьвердзіць «з высокай ступеньню дакладнасьці», агульная ж колькасьць незаконна перамешчаных украінскіх дзяцей зь вялікай доляй верагоднасьці перавышае гэтую лічбу, адзначаюць расьсьледнікі.
HRL устанавіла, што перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей было непасрэдна ўзгоднена Аляксандрам Лукашэнкам і прэзыдэнтам Расеі Пуціным пры «падтрымцы спэцслужбаў Расеі і Беларусі», у тым ліку СК РФ і «ўнутраныя войскі Беларусі». Лукашэнка непасрэдна канталюе ўдзел Беларусі ў незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей, важную ролю ў перамяшчэньні адыгралі таксама паралімпіец Аляксей Талай і яго фонд, Вольга Волкава і яе арганізацыя «Дэльфіны» і ААТ «Беларуськалій», гаворыцца ў справаздачы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: НАУ прадставіла ў Страсбургу справаздачу аб ролі рэжыму Лукашэнкі ў незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцейУ ёй падкрэсьліваецца, што перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей Беларусьсю і Расеяй і іх «перавыхаваньне» носіць сыстэматычны характар. HRL устанавіла, што сама меней 9 груп дзяцей з Украіны ў 8 з 13 установаў падвергнулі «перавыхаваньню», падчас якога ім «прапагандавалі культурныя, гістарычныя, грамадзкія, патрыятычныя і іншыя ідэі, якія адказваюць палітычным інтарэсам рэжымаў у Беларусі і Расеі». Сама меней 6 груп дзяцей з Украіны прайшлі ваенную падрыхтоўку ў Беларусі, у тым ліку на базах органаў унутранай бясьпекі Беларусі.
У працэс перавыхаваньня былі ўцягнутыя расейскія і беларускія чыноўнікі і арганізацыі, уключаючы прарэжымныя грамадзкія арганізацыі, ультранацыяналістычныя экстрэмісцкія групы, дзяржаўныя прамысловыя кампаніі, мясцовыя арганізацыі ў Беларусі і палітыкі, якія падтрымліваюць рэжым, гаворыцца ў справаздачы.
«Гэта справаздача незалежнай аўтарытэтнай арганізацыі фактычна пацьвярджае ўсе факты, раней перададзеныя Народным антыкрызісным упраўленьнем у Міжнародны крымінальны суд. Дадзеная акалічнасьць безумоўна ўмацоўвае працу НАУ, накіраваную на прадухіленьне незаконнага перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей у Беларусь і крымінальны перасьлед галоўных злачынцаў», — пракамэнтаваў выхад справаздачы кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» Павал Латушка.
Ён адзначыў, што Аляксандар Лукашэнка і прадстаўнікі ягонага рэжыму «зьдзяйсьняюць тысячы злачынстваў у дачыненьні да беларусаў і ўкраінцаў», і гэтыя факты, дзякуючы ў тым ліку працы НАУ, фіксуюць розныя міжнародныя арганізацыі і інстытуты і кваліфікуюць іх у адпаведнасьці з крымінальным заканадаўствам. Таму, паводле Латушкі, «ёсьць усе падставы верыць, што справядлівасьць пераможа, а Лукашэнка панясе пакараньне за свае злачынствы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзецям не дазваляюць быць украінцамі». Як рэжым Лукашэнкі дапамагае русыфікаваць украінскіх дзяцей- Раней, 14 лютага 2023 году, Лябараторыя гуманітарных дасьледаваньняў Ельскай школы грамадзкай аховы здароўя апублікавала справаздачу аб расейскай праграме перавыхаваньня і ўсынаўленьня ўкраінскіх дзяцей, у якой фокус адказнасьці за арганізацыю такой праграмы быў накіраваны на Ўладзіміра Пуціна і Марыю Львову-Бялову. Празь месяц пасьля публікацыі гэтай справаздачы, 17 сакавіка 2023 году, Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт Пуціна і Львовай-Бяловай.
- Новая публікацыя HRL дапаўняе лютаўскую справаздачу, асьвятляючы ролю Лукашэнкі і іншых прадстаўнікоў ягонага рэжыму ў перамяшчэньні ў Беларусь і перавыхаваньні дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны.