МТЗ гатовы плаціць сваім работнікам 500 рублёў за кожнага новага супрацоўніка

Менскі трактарны завод у сваім тэлеграм-канале разьмясьціў прапанову, адрасаваную работнікам. Ім абяцаюць заплаціць 500 рублёў, калі яны прывядуць на прадпрыемства новых супрацоўнікаў.

«Менскі трактарны завод уводзіць у дзеяньне часовае становішча, якое прадугледжвае заахвочваньне за спрыяньне ў працаўладкаваньні», — цытуе Reform.by паведамленьне.

Прапанова будзе дзейнічаць з 1 сьнежня. Яно датычыцца шэрагу спэцыяльнасьцяў, такіх як кіроўца-выпрабавальнік, каваль-штампоўшчык, наладчык аўтаматычных ліній і агрэгатных станкоў, сьлесар-інструмэнтальшчык.

Агаворваецца, што новыя работнікі павінны мець разрад, не ніжэйшы за трэці.

  • Колькасьць занятых у беларускай эканоміцы стабільна зьніжаецца цягам апошніх трох гадоў. Таксама, як правіла, штомесячны балянс працаўладкаваньня і звальненьняў у буйных арганізацыях, якія ўключаюцца ў апэратыўную справаздачу Белстату, складваецца на карысьць звальненьняў.
  • У апытаньнях кіраўнікоў малога і сярэдняга бізнэсу ў апошнія месяцы на першае месца сярод бар’ераў, якія перашкаджаюць разьвіцьцю, выйшла няхватка рабочай сілы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Эканоміка страціла 7–8% ад колькасьці занятых», — экспэрты BEROC пра агучаныя ўладамі лічбы эміграцыі беларусаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адной з галоўных праблемаў беларускія прадпрымальнікі называюць санкцыі. Вынікі апытаньняў