Падчас рамонтных работ у кавярні-трапезнай для паломнікаў Сьвята-Ўсьпенскага манастыра ў Жыровічах зьнішчылі фрэску, у стварэньні якой браў удзел мастак Раман Бандарэнка, які загінуў пасьля пабіцьця на «плошчы Перамен» у Менску ў лістападзе 2020 году.
Пра зьнішчэньне фрэскі даведалася ініцыятыва «Хрысьціянская візія».
На фрэсцы, напісанай Раманам Бандарэнкам у рамках дыплёмнай працы ў Менскім дзяржаўным архітэктурна-будаўнічым каледжы, быў намаляваны манастыр пад шатамі Жыровіцкай іконы Багародзіцы. Таксама на сьцяне разьмяшчалася мэмарыяльная таблічка зь імем Рамана Бандарэнкі.
Цяпер у трапезнай ідуць рамонтныя работы, фрэску зафарбавалі, а на яе месцы зьявілася выява абраза «Тайная вячэра». Мэмарыяльную табліцу са сьцяны зьнялі.
- 12 лістапада 2020 году пры трагічных абставінах памёр 31-гадовы мянчук Раман Бандарэнка. Жыхара «плошчы Перамен» у Менску (двор на скрыжаваньні вуліц Чарвякова, Кахоўскай і Сморгаўскага тракта) выкралі і пабілі прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі, якія зразалі там бел-чырвона-белыя стужкі. У шпіталь Рамана завезьлі з РУУС Цэнтральнага раёну Менску з ацёкам галаўнога мозгу і шматлікімі траўмамі. Назаўтра ён памёр.
- Хто менавіта забіў Рамана Бандарэнку, невядома. Аднак сярод прысутных падчас нападу 11 лістапада 2020 году на запісах з камэраў назіраньня пазналі экс-кіраўніка Фэдэрацыі хакею Беларусі Дзьмітрыя Баскава, неаднаразовага чэмпіёна сьвету ў тайскім боксе і кікбоксінгу Дзьмітрыя Шакуту і прэс-сакратарку Лукашэнкі Натальлю Эйсмант.