Навіны палітвязьняў: Ігара Аліневіча зноў 20 дзён трымалі ў ШЫЗА, Вікторыю Кульшу зьмясьцілі ў ПКТ

Ігар Аліневіч, архіўнае фота

Па стане на 16 лістапада ў Беларусі 1450 палітвязьняў, прызнаных праваабарончай супольнасьцю. Паводле іншых падлікаў, колькасьць палітвязьняў можа быць большай.

Ігара Аліневіча 20 дзён трымалі ў ШЫЗА

Палітвязьня Ігара Аліневіча 20 сутак трымалі ў ШЫЗА, паведамляе тэлеграм-канал @a_partisans.

Ігар Аліневіч — актывіст анархісцкага руху. Яго затрымалі пры пераходзе мяжы Беларусі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 году, абвінавацілі па шэрагу артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынку ДАІ, дзяржаўнага камітэту экспэртыз у Гомельскай вобласьці.

Аліневіча асудзілі на 20 гадоў калёьніі ўзмоцненага рэжыму. Пазьней яму ўзмацнілі пакараньне і перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна. Пасьля гэтага яго неаднаразова зьмяшчалі ў штрафны ізалятар (ШЫЗА). На знак пратэсту ён трымаў галадоўку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская выступіла на Web Summit у Лісабоне, заклікала падтрымліваць палітвязьняў

Палітзьняволеную Вікторыю Кульшу зьмясьцілі ў ПКТ

22 чэрвеня палітзьняволеную Вікторыю Кульшу этапавалі ў жаночую калёнію № 24. Вядома, што доўгі час яе ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары, а цяпер зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу. Тэрмін і прычыны спагнаньня пакуль невядомыя, піша «Вясна».

Адміністратарку аднаго з чатаў пратэставага тэлеграм-каналу «Водители 97» Вікторыю Кульшу арыштавалі ў верасьні 2020 году і асудзілі на 2,5 года зьняволеньня паводле 342 артыкулу — за «дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».

Пазьней жанчыне двойчы дадавалі яшчэ па году калёніі паводле 411-га артыкулу Крымінальнага кодэксу («Злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі папраўчай установы»).

За першыя паўгода ў зарачанскай калёніі Вікторыя адбыла сама меней 92 дні ў ШЫЗА і паўгода ў ПКТ. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю локцем, стоячы ззаду, а таксама цягаў яе па камэры.

Акрамя гэтага, жанчына некалькі разоў у калёніі трымала галадоўкі на знак пратэсту супраць жудасных умоваў. Праз гэта ў яе двойчы здараўся сардэчны прыступ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пачала працаваць, але праз 10 дзён сувязь зноў зьнікла». Што новага ў палітзьняволенай Вікторыі Кульшы