У Менску вырашылі, што зрабіць на месцы аўтавакзалу «Ўсходні». Днямі раскансэрвавалі будоўлю на месцы «Маскоўскага»

Аўтавакзал «Усходні», архіўнае фота

Будынак «Газпром цэнтру» ў Менску на месцы зьнесенага аўтавакзалу «Маскоўскі» нарэшце раскансэрвавалі для будаўніцтва, а на месцы аўтавакзалу «Ўсходні» ўлады вырашылі разьмясьціць дзіцячы тэхнічны цэнтар.

На месцы аўтавакзалу «Ўсходні» ў Менску разьмесьціцца гарадзкі тэхнічны цэнтар для дзяцей і моладзі, паведаміў 15 лістапада старшыня Менгарвыканкаму Ўладзімер Кухараў, піша БЕЛТА. Паводле яго, такую ідэю прапанавалі Аляксандру Лукашэнку, і ён яе падтрымаў.

Дзіцячы тэхнічны цэнтар абяцаюць стварыць ужо ў наступным годзе. Там будуць працаваць гурткі па авія- і суднамадэляваньні, робататэхніцы і іншыя. Паводле чыноўніка, за год цэнтар змогуць наведваць да 8 тысяч чалавек.

Аўтавакзал «Усходні» закрылі ў чэрвені 2016 году, усю нагрузку ўзяў на сябе Цэнтральны вакзал. Будынак «Усходняга» выстаўлялі на аўкцыён, але марна. У 2017 годзе плянавалі перапрафіляваць яго пад выставачны комплекс узамен «Белэкспа», аднак пазьней ад гэтай задумы адмовіліся.

У сакавіку 2020 году «Ўсходні» зноў адкрылі для пасажыраў, туды запусьцілі пераважна маршруты магілёўскага кірунку, а таксама частку прыгарадных маршрутаў і гарадзкія маршруты ў кірунку Соснаў і Сокала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вакзал «Усходні» адкрыюць праз 4 гады прастою. На месцы зьнесенага «Маскоўскага» ідуць «невялікія работы». ФОТА

Днямі стала вядома, што нарэшце раскансэрвавалі для будаўніцтва даўгабуд «Газпром цэнтру» ў Менску на месцы зьнесенага аўтавакзалу «Маскоўскі». Тэрмін будаўніцтва працягнулі да 2027 году. Праект рэалізуе беларуская даччыная кампанія «Газпром трансгаз Беларусь».

Даўгабуд «Газпром Цэнтру» зьявіўся на месцы зьнесенага аўтавакзалу «Маскоўскі» ў 2015 годзе. Будоўлю новага комплексу «Газпрому» ў Менску коштам амаль мільярд даляраў абяцалі завяршыць у 2018 годзе, аднак у 2016 годзе «Газпром трансгаз Беларусь» закансэрваваў незавершанае будаўніцтва. У 2018 годзе абралі новага генпадрадчыка — італьянскі Codest International, але на пачатку 2021 году будаўніцтва зноў паставілі на паўзу. У 2023 годзе стала вядома, што на пляцоўцы плянуюць будаваць бізнэс-апартамэнты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады прыдумалі, што рабіць з даўгабудам «Газпром Цэнтру»: там вырашылі будаваць бізнэс-апартамэнты
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На будоўлі «Газпром Цэнтру» ў Менску абсталяваньне на 20 мільёнаў даляраў ператварылася ў мэталялом