У Кіеве дэмантавалі помнік Пушкіну. ВІДЭА

Помнік Аляксандру Пушкіну ў Кіеве, архіўнае фота

На Берасьцейскім праспэкце ў Кіеве дэмантавалі помнік расейскаму паэту Аляксандру Пушкіну.

Пра гэта паведамілі дэпутат Кіеўскай гарадзкой рады Дзьмітры Белацарковец і грамадзкі актывіст Алег Слабасьпіцкі.

Згодна з паведамленьнямі і відэа зь месца, помнік зьнялі з пастамэнту з дапамогай крана і пагрузілі ў машыну. Куды яго перамясьцілі — пакуль невядома.

Незадоўга да зносу, 10 лістапада, урад Украіны пастанавіў выключыць помнік зь Дзяржаўнага рэестру помнікаў культурнай спадчыны нацыянальнага значэньня. Апроч кіеўскага помніка, зь яго выключылі помнікі Пушкіну, усталяваныя ў Жытоміры, Харкаве і Адэсе.

Апроч іх, ахоўнага статусу пазбавіліся:

  • помнік Шчорсу ў Кіеве,
  • помнік князю Варанцову ў Адэсе,
  • помнік палкаводцу Сувораву ў Ізмаіле Адэскай вобласьці,
  • помнік адміралу Ўшакову ў Херсоне,
  • мэмарыяльны комплекс «Тарашчанец» у Кіеве,
  • мэмарыяльны комплекс «Украіна — вызваліцелям» у Ужгарадзе,
  • магіла савецкага генэрала Ватуціна ў Кіеве.

Пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіне мяняюць назвы населеных пунктаў, вуліц, сквэраў і паркаў, а таксама прыбіраюць помнікі і мэмарыяльныя дошкі, якія зьвязаныя з Расеяй або Савецкім Саюзам. У сакавіку Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла закон, які забараняе даваць геаграфічным аб’ектам назвы, зьвязаныя з Расеяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У горадзе Дніпры дэмантавалі помнік расейскаму навукоўцу Ламаносаву. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі падпісаў закон пра забарону геаграфічных назваў, зьвязаных з Расеяй