Расейскае аналітычнае крэдытнае рэйтынгавае агенцтва (АКРА) адклікала прысвоеныя ўраду Беларусі крэдытныя рэйтынгі паводле міжнароднай шкалы. Сярод іншага адклікаюць і выдадзеныя раней беларускаму ўраду доўгатэрміновыя крэдытныя рэйтынгі ў замежнай і нацыянальнай валютах на ўзроўні B+.
Адкліканьне рэйтынгаў адбылося пасьля выплаты Беларусьсю асноўнага доўгу па эўрааблігацыях і адсоткаў па іх у беларускіх рублях.
Сёлета ў лютым улады заявілі аб выплаце асноўнага доўгу па эўрааблігацыях Belarus-2023 і адсоткаў па іх. Сума асноўнага доўгу ў беларускіх рублях склала ў эквіваленце 800 млн даляраў, і 27,5 млн даляраў адсоткамі. Сродкі перавялі на адмысловы рахунак у «Беларусбанку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія інвэстары скардзяцца на нявыплату па беларускіх эўрааблігацыяхЯк раней заяўлялі ў Міністэрстве фінансаў, Беларусь распрацоўвае мэханізм разьлікаў па эўрабондах з расейскімі трымальнікамі такіх каштоўных папер «у абыход заходняй інфраструктуры». Складанасьці зьявіліся пасьля ўвядзеньня краінамі Захаду санкцый супраць уладаў дзяржавы. Таму міністэрства вырашыла працаваць зь дзесяцьцю ўпаўнаважанымі дэпазытарыямі Расеі наўпрост. Раней працавалі з трымальнікамі эўрабондаў.
Беларусь выплачвае даўгі па эўрааблігацыях у беларускіх рублях зь лета 2022 году. На гэта міжнародныя агенцтвы заявілі, што будуць прызнаваць сытуацыю ў Беларусі «дэфолтам», бо дамовы прадугледжваюць выплаты ў далярах, а не рублях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэйтынгавае агенцтва Fitch больш ня будзе друкаваць крэдытныя рэйтынгі БеларусіЗатым скардзіцца на перавод выплат на беларускія рублі сталі расейскія інвэстары. Яны назвалі агульную суму сродкаў, якія не дайшлі да іх, на пачатак сакавіка яна складала каля 500 млн даляраў. Даўгі Беларусі па эўрабондах працягваюць расьці. Ужо ёсьць і пазоў у суд ад расейскага інвэстару на Міністэрства фінансаў Беларусі за нявыплаты па адсотках.
Прыватныя расейскія інвэстары патрабуюць абмежаваць доступ Беларусі да міждзяржаўных крэдытаў і расейскага рынку капіталу з прычыны нявыплат па раней выпушчаных эўрааблігацыях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Буйное міжнароднае агенцтва S&P Global Ratings прыпыніла рэйтынгі Беларусі