Беларускія актывісты заклікалі прэзыдэнта Ўкраіны ўганараваць званьнем Героя Ўкраіны двух беларускіх добраахвотнікаў — Эдуарда Лобава і Дзьмітрыя Рубашэўскага, якія загінулі ва Ўкраіне ў часе баявых дзеяньняў пасьля расейскага ваеннага ўварваньня.
Гэта другая спроба сабраць неабходныя 25 тысяч подпісаў за ўзнагароджаньне Эдуарда Лобава: першая пэтыцыя, зарэгістраваная 15 лютага 2023 году, сабрала подпісы 7283 грамадзян.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне не сабралі дастаткова подпісаў за прысваеньне званьня Героя Ўкраіны загінуламу беларусу ЛобавуПэтыцыі зарэгістравалі 14 лістапада. На момант публікацыі абедзьве набралі крыху менш за тысячу подпісаў.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі пасьмяротна ўзнагародзіў Эдуарда Лобава (10 траўня 2023 году) і Дзьмітрыя Рубашэўскага (30 чэрвеня 2022 году) ордэнамі Мужнасьці 3-й ступені.
Украінскія дзяржаўныя ўзнагароды пасьмяротна атрымалі трое беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі за Ўкраіну, і чацьвёра, якія працягваюць змагацца супраць расейскай агрэсіі.
Званьнем Героя Ўкраіны ўганараваныя толькі два беларусы — Міхаіл Жызьнеўскі, які стаў адной зь першых ахвяр у часе масавых акцыяў пратэсту ў Кіеве ў 2014 годзе, і Аляксей Скобля, які загінуў 13 сакавіка 2022 году, прыкрываючы адыход сваіх байцоў пад Кіевам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускага байца Аляксея Скоблю пасьмяротна ўганаравалі званьнем Героя ЎкраіныЗ пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны на афіцыйным сайце прэзыдэнта Ўкраіны ў розны час стварылі пяць пэтыцый за ўганараваньне званьнем Героя Ўкраіны вайсковага мэдыка беларускага паходжаньня Мікалая Ільіна (загінуў 13 ліпеня 2020 году ў выніку абстрэлу пад Зайцавам Данецкай вобласьці), грамадзяніна Беларусі Данііла Ляшука (загінуў 1 красавіка 2023 году ля вёскі Першамайскае Данецкай вобласьці) і Эдуарду Лобаву.
Неабходную колькасьць подпісаў сабрала толькі пэтыцыя за Данііла Ляшука — яе перадалі на разгляд Уладзіміру Зяленскаму, але неўзабаве зьмянілі працэдуру разгляду адпаведных дакумэнтаў.
Цяпер пасьля збору неабходнай колькасьці подпісаў пэтыцыі разглядае экспэртная камісія, якая ўхвальвае адпаведныя рашэньні і перадае іх на разгляд прэзыдэнту Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне пэтыцыю аб пасьмяротным узнагароджаньні беларуса-добраахвотніка Ляшука перадалі на разгляд ЗяленскамуХто такі Эдуард Лобаў
Эдуард служыў у 72-й асобнай мэханізаванай брыгадзе. Удзельнічаў у вызваленьні Кіеўскай вобласьці і Чарнобыля ад расейскіх акупантаў. Апошнія некалькі месяцаў быў пад Вуглядарам.
Эдуард Лобаў нарадзіўся ў 1988 годзе. Да дзейнасьці «Маладога Фронту» далучыўся пасьля вяртаньня з войска. Службу праходзіў у 103-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгадзе ў Віцебску.
У 2011 годзе Эдуард Лобаў быў асуджаны на 4 гады пазбаўленьня волі паводле артыкулу «Хуліганства» разам зь лідэрам «Маладога Фронту» Зьмітром Дашкевічам. Выйшаў на волю 18 сьнежня 2014 году.
У 2015 годзе Лобаў тайна пераехаў ва Ўкраіну і далучыўся да добраахвотнікаў, якія змагаліся супраць расейскай агрэсіі. Тады ён уваходзіў у склад добраахвотніцкага батальёна «Правага сэктару», які быў разьмешчаны пад Марыюпалем.
У 2015 годзе ён наступным чынам тлумачыў свой удзел у баявых дзеяньнях:
«Я не за свабоду Ўкраіны ваяваць ехаў, а за свабоду Беларусі. Бо калі Арда не атрымае па зубах тут, на Данбасе, яна пойдзе далей, і Беларусь, я абсалютна перакананы, будзе праглынутая, як і Крым, за пару дзён».
Эдуард Лобаў загінуў ва Ўкраіне ў студзені 2023 году пад Вуглядарам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За дзьве гадзіны да сьмерці Эдуард перастраляў расейскі дэсант». Сябры і пабрацімы пра загінулага добраахвотніка ЛобаваХто такі Дзьмітры Рубашэўскі
30-гадовы Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі загінуў 12 красавіка 2022 году падчас баёў у Луганскай вобласьці. Быў у складзе ротнай тактычнай групы, якая рабіла вылазкі ў тыл праціўніка. Перад сьмерцю «Ганс» зьнішчыў камандзіра расейскай групы.
Рубашэўскі родам зь Берасьця. Вучыўся ў будаўнічай вучэльні. Ваяваў з 2015 году. Прыехаў у Львоў на футбольны матч зборных Беларусі і Ўкраіны, так і застаўся.
Ваяваў у шэрагах «Правага сэктару». За абарону шахты Бутаўка меў грамадзкую ўзнагароду «Народны герой Украіны». Рубашэўскі меў некалькі раненьняў. У 2019 годзе ў баях страціў вока. Пасьля раненьня яго даглядала сястра загінулага пабраціма. У хуткім часе яны пабраліся шлюбам, нарадзілася дачка.
Жыў у Львоўскай вобласьці. Пазыўны «Ганс» меў за нямецкую каску часоў Другой сусьветнай вайны. Апошнім часам служыў у складзе 24-й асобнай мэханізаванай брыгады князя Данілы Галіцкага. У яго засталіся грамадзянская жонка і дачка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страціў вока на вайне. Як загінуў ва Ўкраіне беларускі добраахвотнік Зьміцер «Ганс» РубашэўскіВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.