Зяленскаму падалі хадайніцтва аб узнагароджаньні двух загінулых беларускіх добраахвотнікаў званьнем «Героя Ўкраіны»

Архіўнае ілюстрацыйнае фота.

Беларускі цэнтар нацыянальнай памяці 14 лістапада накіраваў лісты ў вайсковыя часткі і Офіс прэзыдэнта Ўкраіны з просьбай аб прысваеньні пасьмяротна званьня «Герой Украіны» з уручэньнем ордэна «Залатая Зорка» двум беларускім добраахвотнікам — Эдуарду Лобаву і Дзьмітрыю Рубашэўскаму.

Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку кіраўнік зарэгістраванага ў Львове фонду «Вільна Білорусь» Аляксей Францкевіч.

«Мы лічым, што Дзьмітры і Эдуард сваім жыцьцём і сваімі ўчынкамі і подзьвігамі даказалі, што заслугоўваюць такога высокага званьня. Ні палітычныя рэпрэсіі, ні раненьні не зламалі хлопцаў. Іх шанавалі пабрацімы і камандаваньне. Яны былі ўзорнымі воінамі і ўжо цяпер сталі прыкладам для перайманьня як ва Ўкраіне, так і ў роднай Беларусі», — адзначыў Францкевіч.

Паводле яго, таксама стварылі дзьве пэтыцыі адносна прысваеньня званьня «Героя Ўкраіны», яны цяпер на разглядзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускага добраахвотніка Зьмітра Рубашэўскага пасьмяротна ўзнагародзілі «Хрестом Хоробрих»

Дзьмітры Рубашэўскі загінуў 12 красавіка 2022 году. У траўні 2023-га Зяленскі пасьмяротна ўзнагародзіў яго ордэнам «За мужнасьць» III‑й ступені.

Эдуард Лобаў загінуў 26 студзеня 2023 году пад Вуглядарам. У верасьні ўказам Зяленскага ён і яшчэ адзін загінулы беларус Даніл Ляшук таксама былі ўганараваныя ордэнам «За мужнасьць» III‑й ступені.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі ўзнагародзіў ордэнам Мужнасьці двух беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі ва Ўкраіне

Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне загінулі больш за тры дзясяткі беларускіх добраахвотнікаў.

На сёньняшні дзень два беларусы маюць званьне Героя Ўкраіны, абодва ўзнагароджаныя «Залатой Зоркай» пасьмяротна.

Першым беларусам, які ў 2017 годзе атрымаў званьне Героя Ўкраіны, стаў Міхась Жызьнеўскі, які адным зь першых загінуў у 2014 годзе ў Кіеве ў часе масавых акцыяў пратэсту.

У красавіку 2022 году званьне Героя Ўкраіны пасьмяротна прысвоілі беларускаму добраахвотніку Аляксею Скоблю, які загінуў 13 сакавіка 2022 году, прыкрываючы адыход сваіх байцоў пад Кіевам. Яго пахавалі ў Кіеве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі беларускіх добраахвотнікаў ваюе ва Ўкраіне і дзе. Абноўлены гайд па ўсіх фармаваньнях