Кампанія Wargaming, якая распрацоўвае кампутарныя гульні, сабрала больш за мільён даляраў на рэанімабілі для ўкраінскіх мэдыкаў, паведаміў 14 лістапада міністар па інавацыях, разьвіцьці адукацыі, навукі і тэхналёгіяў Украіны Міхаіл Фёдараў.
Паводле яго, на працягу двух тыдняў да ініцыятывы па зборы грошай далучыліся донары з 115 краін (большасьць зь Нямеччыны, ЗША, Польшчы, Чэхіі і Вялікай Брытаніі). Агулам гульцы набылі 90 тысяч дабрачынных набораў у World of Tanks і пяці іншых гульнях кампаніі, сабраўшы 1 074 940 даляраў.
Усе сабраныя грошы пералічаць на закуп рэанімабіляў для Ўкраіны.
Калі 18 кастрычніка кампанія Wargaming запусьціла двухтыднёвы дабрачынны праект для падтрымкі Ўкраіны ў вайне, расейская студыя Lesta Games, якая выкупіла ў Wargaming бізнэс у Беларусі і Расеі, заявіла, што ня мае дачыненьня да ініцыятывы Wargaming па падтрымцы Ўкраіны, і заклікала гульцоў «быць уважлівымі пры зьдзяйсьненьні плацяжоў і пакупак онлайн, каб не парушаць заканадаўства Расейскай Фэдэрацыі або Рэспублікі Беларусь».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кампанія Wargaming запусьціла дабрачынны праект дапамогі Ўкраіне. Яе пераемніца ў Беларусі і РФ адхрысьцілася ад ініцыятывы- Кампанію Wargaming у 2011 годзе стварыў беларускі прадпрымальнік Віктар Кіслы.
- Да 2020 году яна мела прадстаўніцтвы ў вялікай колькасьці краін і налічвала каля 5 тысяч супрацоўнікаў.
- У жніўні 2020 году, пасьля сілавога разгону акцый пратэсту, выкліканых фальсыфікацыяй вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, кампанія заявіла аб рэлякацыі супрацоўнікаў беларускага офіса ў іншыя краіны.
- Вясной 2022 году Wargaming прадаў бізнэс у Расеі і Беларусі сваёй былой расейскай «дачцэ» — санкт-пецярбурскай студыі Lesta Games. Яна атрымала права выпускаць гульні Wargaming у абедзьвюх краінах і правяла рэбрэндынг лінейкі гульняў «World of Tanks», «World of Warships» і «World of Tanks Blitz». Цяпер на беларускім і расейскім рынках яны называюцца адпаведна «Мир танков», «Мир кораблей» і Tanks Blitz.