Урад Беларусі падрыхтаваў праект указу, які рэгулюе адносіны ў сфэры аўтамабільных перавозак пасажыраў. Новаўвядзеньні ў гэтай галіне сталі адной тэмай нарады ў Лукашэнкі 14 лістапада.
Паводле віцэ-прэм’ера Анатоля Сівака, які ва ўрадзе адказвае за транспартную сфэру, неўзабаве сярод іншага заплянавана стварэньне дзяржаўнага рэестру перавозак пасажыраў — перавозчыкаў і дыспэтчараў змусяць даваць дзяржаўным органам доступ да інфармацыі аб выкананых заказах, а саміх дыспэтчараў прымусяць адкрыць юрыдычную асобу ў Беларусі і разьмясьціць сэрвэры ўнутры краіны.
У праекце прадугледжана, што замежныя кампаніі, якія прапаноўваюць паслугі дыспэтчара перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах (дыспэтчара таксі) будуць вымушаныя зарэгістраваць юрыдычную асобу «для зьмяншэньня імпарту паслуг, заніжэньня рызыкі выцеку пэрсанальных зьвестак грамадзян».
«Інфармацыя аб выкананых заказах і зьвестках аб заказчыках перавозак захоўваюцца на сэрвэрах, якія знаходзяцца за межамі Беларусі, што непасрэдна ўплывае на гарантаваньне нацыянальнай бясьпекі», — адзначыў віцэ-прэм’ер Анатоль Сівак.
Таксама будзе прадугледжаны абавязак для суб'ектаў даваць дзяржаўным органам доступ да інфармацыі аб выкананых заказах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выхаваўчая мера»: у Менску канфіскавалі маршруткі ў шэрагу нелегальных перавозчыкаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Упершыню ў Беларусі ў кіроўцы маршруткі канфіскавалі аўтамабіль — за незаконную дзейнасьць