Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню ў Беларусі ў кіроўцы маршруткі канфіскавалі аўтамабіль — за незаконную дзейнасьць


Ілюстрацыйнае фота. Маршруткі ля чыгуначнага вакзалу ў Менску
Ілюстрацыйнае фота. Маршруткі ля чыгуначнага вакзалу ў Менску

У Менску за ажыцьцяўленьне незаконнай дзейнасьці па перавозцы пасажыраў у кіроўцы канфіскавалі аўтамабіль. Гэта першы падобны выпадак у Беларусі.

Мікрааўтобус, які забралі прадстаўнікі Транспартнай інспэкцыі, выконваў рэйс па маршруце Быхаў — Магілёў — Менск. Яго ўладальнік «займаўся незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьцю, ажыцьцяўляючы рэгулярныя перавозкі пад выглядам нерэгулярных», паведамляе «Sputnik Беларусь».

Уладальніку мікрааўтобуса раней ужо выпісалі тры штрафы за тыя ж парушэньні агулам на 8510 рублёў, але яны да гэтага часу не аплачаныя, расказаў першы намесьнік начальніка Транспартнай інспэкцыі Мінтранспарту Юры Касьцюк. Мікрааўтобус будзе знаходзіцца на штрафстаянцы да рашэньня суду.

Паводле Касьцюка, інспэктары праверылі і іншыя праблемныя маршруты. Матэрыялы супраць кампаній, якія займаліся незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьцю, адправілі ў суд. «Па іх ужо ёсьць канкрэтныя рашэньні. Мы гатовыя прыняць такія ж меры ў дачыненьні да тых, хто не адрэагуе на судовыя рашэньні», — заявіў Юры Касьцюк.

  • У канцы лютага, пасьля некалькіх аварый з удзелам маршрутак (у адной зь іх, пад Смалявічамі, 20 лютага загінулі 11 чалавек, яшчэ 9 шпіталізавалі), МУС і Мінтранс Беларусі ўзмацнілі кантроль за выкананьнем правілаў перавозак маршрутчыкамі.
  • Пасьля шэрагу праверак на пачатку сакавіка Юры Касьцюк заявіў, што пакуль павысіць узровень бясьпекі пасажырскіх перавозак спрабуюць з дапамогай прафіляктычных рэйдаў і штрафаў, але з улікам цяжкасьці ўчыненьня парушэньняў магчыма нават адабраньне аўтамабіля, бо «ня ўсе рэагуюць на штрафы». Паводле яго, «праца ў гэтым напрамку вялася ўжо даўно, рыхтаваліся адпаведныя дакумэнты».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG