На палях саміту Ціханоўская сустрэлася зь міністрам эканомікі Партугаліі Антонію Коштам, мэрам Лісабону Карлушам Маэдашам, генэральнай дырэктаркай саміту Кэтрын Мар, заснавальнікам Вікіпэдыі Джымі Ўэйлзам, кіраўніцтвам Alibaba Чжанам Ко і Шэнам Цзіцзе, міністаркай па лічбавай дзяржаве і гендэрнай роўнасьці Даніі Марые Б’ерэ.
З заснавальнікам Вікіпэдыі Джымі Ўэйлзам Ціханоўская гаварыла пра сытуацыю зь беларускай Вікіпэдыяй. Ціханоўская расказала, што некалькі палітвязьняў трапілі ў турмы за сваю актыўнасьць у праекце, у тым ліку абмеркавалі сытуацыю з Маркам Бэрнштэйнам, які атрымаў 3 гады абмежаваньня волі. Джымі Ўэйлз заявіў, што асабіста сочыць за сытуацыяй вакол Марка.
З прэзыдэнтам кітайскай карпарацыі Alibaba.com Куа Жонгам Сьвятлана Ціханоўская размаўляла пра тое, што Беларусь пасьля дэмакратычных зьменаў будзе адкрытая для замежных інвэстыцыяў.
З дацкай міністаркай па лічбавай дзяржаве і гендэрнай роўнасьці Даніі Марые Б’ерэ ішла размова пра сытуацыю ўнутры краіны, падтрымку беларускіх стартапаў і бізнэсу за мяжой.
Таксама адбыліся кароткія гутаркі з генэральным дырэктарам Vodafone, кіраўніком асацыяцыі прадпрымальнікаў Партугаліі, амбасадарамі шэрагу краінаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У парлямэнце Партугаліі стварылі групу «За дэмакратычную Беларусь», гэта 23-я такая група ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская і прадстаўнікі беларускага бізнэсу за мяжой праводзяць сустрэчы з уладамі Партугаліі