Праваахоўныя органы Ўкраіны абвясьцілі ў міжнародны вышук украінца, ураджэнца памежнай зь Беларусьсю вёскі Дабранка Чарнігаўскай вобласьці, які пасьля дэакупацыі рэгіёну ад расейскіх войскаў незаконна перасек мяжу і цяпер жыве ў Гомлі.
Крымінальнае расьсьледаваньне супраць гэтага грамадзяніна Ўкраіны пачалі яшчэ ў студзені 2022 году за публічныя заклікі да гвалтоўнай зьмены ўлады і зьвяржэньня канстытуцыйнага ладу. Гэтую дзейнасьць украінец ажыцьцяўляў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники».
Як стала вядома Свабодзе, падазраваны — Мікола Паршукоў. Супраць яго цяпер вядуць завочнае расьсьледаваньне, паколькі ён хаваецца ад сьледзтва ў Беларусі.
Яго некалькі разоў выклікалі на разгляд справы ў суд, але ён не зьяўляўся. У канцы сакавіка 2023 году пазоў аб выкліку яго ў суд перадалі празь ягоную маці. Тая паведаміла сьледчым, што сын знаходзіцца ў Гомлі і не плянуе вяртацца ва Ўкраіну.
Згодна з украінскім заканадаўствам, перабежчыку пагражае абмежаваньне або пазбаўленьне волі на тэрмін да трох гадоў.
Паводле вэрсіі сьледзтва, ураджэнец вёскі Дабранка незаконна перасек мяжу праз закрыты пункт пропуску «Новыя Ярылавічы» ў пэрыяд частковай расейскай акупацыі і актыўных баявых дзеяньняў у Чарнігаўскай вобласьці.
28 сакавіка яго абвясьцілі ў вышук, а 7 жніўня — у міжнародны вышук.
Раней стала вядома пра грамадзяніна Ўкраіны, ураджэнца вёскі Дабранка Сяргея Масьлюкова, які нядаўна даў інтэрвію ТРК «Гомель». У сваім расповедзе ён выкарыстоўваў шаблёны расейскай прапаганды наконт вайны ва Ўкраіне — расказваў, што ва Ўкраіне за ўсімі сочаць і ўручаюць позвы, калі мужчына выходзіць у краму. Ён таксама выказаўся за тое, каб Расея хутчэй зьнішчыла Ўкраіну.
Дзяржаўная беларуская тэлевізія сьцьвярджала, што Сяргей Масьлюкоў нібыта перайшоў мяжу праз украінскія мінныя палі, але гэта абвяргае судовае рашэньне, якое мае ў сваім распараджэньні Свабода.
Асобу ўкраінскага перабежчыка ўстанавіла беларускае выданьне «Флагшток». Паводле яго, у Масьлюкова ёсьць дачка, а ягоныя сваякі жывуць у Гомлі і Белгарадзкай вобласьці Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогерка, у вышуку СБУ. Што вядома пра Дзіяну Панчанку, якой Лукашэнка даў інтэрвію