Пра ідэю 14 лістапада заявіў паралімпіец Аляксей Талай, праводзячы зь Беларусі чарговую групу ўкраінскіх дзяцей, якую без дазволу ўладаў Украіны прывозілі ў Беларусь.
«Мы пачалі рэалізацыю вялікага праекту — гэта стварэньне рэабілітацыйнага цэнтру для дзяцей Данбасу, які будзе пабудаваны ў нас пад Барысавам у вельмі знакавым месцы, сядзібе вялікіх князёў дома Раманавых. Гэтую сядзібу перадалі нам людзі, якія захацелі застацца ананімнымі»,— паведаміў Талай, якога цытуе БелТА.
Сядзіба вялікіх князёў дома Раманавых некалі належала Радзівілам. Сёньня яна знаходзіцца ў вёсцы Старабарысаў, прыгарадзе Барысава.
У час вайны 1812 году там спыняўся францускі імпэратар Напалеон са сваёй сьвітай. У 1941 годзе Старабарысаў наведаў Адольф Гітлер, ён праводзіў нараду са сваёй арміяй. На сёньня ад усяго комплексу ў Старабарысаве захаваўся толькі адзін гасьцявы дамок.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін узнагародзіў ордэнам беларускага паралімпійца Талая, якога абвінавачваюць у незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцейСядзіба вялікіх князёў дома расейскіх цароў Раманавых у вёсцы Стара-Барысаў шмат гадоў разбуралася, у яе мянялася шмат гаспадароў, былі спробы аднаўленьня і рэканструкцыі, але яны ня мелі посьпеху.
Сёння Талай агучыў варыянт фінансаваньня цэнтра — грошы могуць даць улады некаторых расейскіх рэгіёнаў. Талай чакае, што цэнтар будзе пабудаваны цягам некалькіх гадоў.
14 лістапада 2023 зь Беларусі зьехала 40 украінскіх дзяцей, якія знаходзіліся ў Берасьцейскай вобласьці. Талай паведаміў, што будзе і яшчэ адна група, якую адправяць ці ў Горадзенскую ці ў Магілёўскую вобласць.
- Фонд Аляксея Талая арганізоўвае вываз украінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй раёнаў Украіны ў Беларусь нібыта на «аздараўленьне».
- Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне дабіваецца выдачы ордэра на арышт асоб, якія ўдзельнічаюць у незаконным вывазе дзяцей.
- Матэрыялы з доказамі перадалі ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе.
- У сакавіку гэтага года МУС выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна па падазрэньні ў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.