Былога палітвязьня зь Беларусі Кірыла Кятурку 20 кастрычніка знайшлі мёртвым у камэры сьледчага ізалятара ў Варшаве. Яго ўжо пахавалі ў Горадні.
Як паведаміла выданьне MOST, папярэдняя вэрсія сьледзтва — суіцыд. На момант сьмерці Кірылу было 19 гадоў. У 2022 годзе яго асудзілі за ўдзел у пратэстах 2020 году. Спачатку тры месяцы ўтрымлівалі ў Горадзенскім ізалятары, а потым асудзілі на 2,5 года «хатняй хіміі». Праз год Кірыла хацелі перавесьці ў калёнію, але ён пасьпеў выехаць зь Беларусі ў Польшчу.
Паводле выданьня, яго затрымалі ў Польшчы паводле падазрэньня ў махлярстве.
Кірыл жыў у Варшаве, а ў канцы кастрычніка зьнік і перастаў адказваць на паведамленьні ў сацыяльных сетках. Ніхто ня ведаў, дзе ён, і толькі 21 кастрычніка ягонай сям’і патэлефанавалі зь беларускай амбасады ў Польшчы і паведамілі, што яго знайшлі павешаным у польскай турме.
Польскі бок прапанаваў крэмацыю, але сваякі настаялі, каб цела перадалі ў Горадню. Кірыла Кятурку пахавалі 2 лістапада побач з бацькам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Генпракуратуры падлічылі колькасьць «экстрэмісцкіх злачынстваў» у Беларусі з 2020 году