Пасланьне польскага амбасадара: «Ахвяра ня будзе дарэмнай»
Колішні амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі апублікаваў у сваім твітэры фотаздымкі з магілы Рамана Бандарэнкі, які памёр у шпіталі пасьля зьбіцьця невядомымі 12 лістапада 2020 году.
Палітык адзначыў:
«Беларусы прагнуць мець свабодную радзіму. Іх кідаюць у турмы, яны шукаюць за мяжой прытулку ад перасьледу альбо праз страх закрываюцца ў сабе. Некаторыя, як забіты 3 гады таму Раман Бандарэнка, аддалі жыцьцё за годнасьць народу. Іх ахвяра ня будзе дарэмнай».
Заява Эўразьвязу: «Эўразьвяз будзе падтрымліваць беларускі народ»
Вярхоўны камісар Эўразьвязу ў зьнешняй палітыцы і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль нагадаў пра «загінулых ад рук рэжыму ў выніку жорсткага абыходжаньня і адмовы ў мэдыцынскай дапамозе» ўдзельнікаў акцый пратэсту і палітвязьняў.
У сваёй заяве Бурэль аддаў даніну павагі Вітольду Ашурку, Дзьмітрыю Дудойцю, Аляксандру Віхору, Мікалаю Клімовічу, Дзьмітрыю Сарокіну, Алесю Пушкіну. Ён зноў заявіў, што ЭЗ патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызваленьня палітвязьняў.
У заяве гаворыцца, што пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае імкліва пагаршацца, і рэжым зьдзейсьніў больш за 40 тысяч палітычна матываваных арыштаў, распачаў ня менш за 12 тысяч палітычна матываваных крымінальных спраў і ўтрымлівае амаль 1500 палітычных зьняволеных.
«Эўрапейскі зьвяз разам са сваімі міжнароднымі партнэрамі ўзначальвае намаганьні ў падсправаздачнасьці ў ААН і празь Міжнародную плятформу падсправаздачнасьці для Беларусі, незалежную і бесстароннюю плятформу для збору, праверкі і захаваньня дакумэнтацыі і доказаў сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі падчас і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. ЭЗ падтрымлівае Плятформу палітычна і фінансава».
Таксама ў сваёй заяве вярхоўны камісар адзначыў, што «ЭЗ будзе падтрымліваць беларускі народ датуль, пакуль ён ідзе да незалежнай, дэмакратычнай і квітнеючай краіны як часткі мірнай Эўропы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сястра Рамана Бандарэнкі Вольга Кучарэнка пра гібель брата: «Я цудоўна разумею, што ён адчуваў». ВІДЭАПарлямэнцкая асамблея NATO: «Падтрымліваем усіх, хто змагаецца за свабоду і дэмакратыю»
Прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі NATO Міхал Шчэрба адзначыў, што барацьба беларусаў за свабоду «нагадвае, што дэмакратыя каштоўная і яе неабходна пастаянна абараняць».
Ён паабяцаў, што Парлямэнцкая асамблея Паўночна-Атлянтычнага альянсу надалей будзе абараняць Сьвятлану Ціханоўскую і «ўсіх, хто змагаецца за дэмакратыю і свабоду, супраць аўтакратыі і рэпрэсій».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар замежных спраў Швэцыі: «Месца Беларусі — у Эўразьвязе». ВІДЭА