WP: падрывы «Паўночных патокаў» каардынаваў украінскі афіцэр — той самы, які у 2020 заманіў «вагнэраўцаў» у Беларусь

Уцечка газу з газаправоду "Паўночны паток-2", фота зробленае з дацкага вайсковага самалёта F-16 ля вострава Барнгольма. Данія, 27 верасьня 2022

Украінскі палкоўнік Раман Чарвінскі, які служыў у Сілах спэцапэрацый Украіны, па ўсёй верагоднасьці, каардынаваў апэрацыі падрыву газаправодаў «Паўночны паток». Аб гэтым пішуць выданьні The Washington Post і Der Spiegel са спасылкай на крыніцы.

Паводле суразмоўцаў выданьняў, 48-гадовы Чарвінскі каардынаваў каманду з шасьці чалавек. Яны пад выдуманымі імёнамі арандавалі яхту і выкарыстоўвалі глыбакаводнае вадалазнае абсталяваньне, каб усталяваць узрыўчатку на трубаправодах «Паўночны паток-1» і «Паўночны паток-2» у верасьні летась.

Крыніцы распавялі, што палкоўнік не займаўся плянаваньнем апэрацыі, а выконваў загады «высокапастаўленых украінскіх чыноўнікаў», якія падпарадкоўваліся галоўнакамандуючаму ўзброеных сіл Украіны Валерыю Залужнаму.

Чарвінскі добра падыходзіў для выкананьня таемнай місіі, закліканай схаваць адказнасьць Украіны. Ён займаў кіроўныя пасады ў вайсковай выведцы краіны, а таксама ў Службе бясьпекі Украіны і прафэсійна і асабіста блізкі да ключавых кіраўнікоў узброеных сіл і сіл бясьпекі, адзначаюць The Washington Post і Der Spiegel.

Сам Чарвінскі праз адваката адхіліў усе абвінавачаньні, сьцьвярджаюць журналісты.

  • 26 верасьня 2022 году тры выбухі прывялі да маштабных выцекаў на газаправодах «Паўночны паток» і «Паўночны паток-2», якія ідуць з Расеі ў Нямеччыну па дне Балтыйскага мора. У выніку дывэрсіі з надыходам зімы з чатырох газаправодаў непашкоджаным застаўся толькі адзін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецкія сьледчыя лічаць, што для падрыву «Паўночных патокаў» дывэрсанты маглі выкарыстаць Польшчу ў якасьці апэратыўнай базы

Чарвінскі і выманены расейскі лётчык

Раман Чарвінскі ад сёлетняга красавіка знаходзіцца пад арыштам у Кіеве. Яго абвінавачваюць у перавышэньні службовых паўнамоцтваў па справе аб ракетных абстрэлах аэрадрома Канатава ў Кіраваградзкай вобласьці.

Палкоўніка абвінавачваюць у тым, што ён без дазволу начальства выманіў расейскага лётчыка на тэрыторыю Украіны. У выніку Чарвінскі выдаў каардынаты ўкраінскага аэрадрома, што справакавала ракетную атаку. Тады адзін вайсковец загінуў, яшчэ 17 былі параненыя. Сам палкоўнік лічыць арышт «палітычнай адплатай» за крытыку прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага. Па словах арыштаванага, ён выманьваў лётчыка па загадзе.

Чарвінскі і выманеныя ў Менск «вагнэраўцы»

Акрамя таго, Чарвінскі, паводле СМІ, каардынаваў апэрацыю па выманьваньні байцоў ПВК «Вагнэр» у Менск у ліпені 2020 году. Тады затрымалі 33 найміты. Лукашэнка спачатку абвінаваціў іх у падрыхтоўцы беспарадкаў перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі.

Пазьней украінскія ўлады афіцыйна папрасілі Менск выдаць ім 28 з 33 затрыманых. Украінская пракуратура заявіла, што яны «бралі актыўны ўдзел у баявых дзеяньнях на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласьцей у складзе тэрарыстычных арганізацый». Лукашэнка перадаў затрыманых у Расею.

Чарвінскі тады абвінавачваў кіраўніка офіса прэзыдэнта Украіны Ермака ў правале апэрацыі з прычыны ўцечкі інфармацыі ў асяродзьдзі Зяленскага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дапамога ЦРУ і выцек інфармацыі з Кіева ў Менск. Былы чыноўнік СБУ пра дэталі правалу апэрацыі з вагнэраўцамі ў Беларусі