Ёсьць доказы, якія сьведчаць аб тым, што меркаваныя дывэрсанты маглі выкарыстоўваць Польшчу ў якасьці базы для правядзеньня атакі, паведаміла амэрыканская газэта The Wall Street Journal 10 чэрвеня.
Выданьне спасылаецца на вынікі аналізу дадзеных зь яхты Andromeda, якую імаверна выкарысталі для ажыцьцяўленьня падрыву газаправодаў. Сьледчыя цалкам рэканструявалі двухтыднёвы маршрут яхты на падставе зьвестак зь яе радыё- і навігацыйнага абсталяваньня, здымкаў са спадарожнікаў і мабільных тэлефонаў і электроннай перапіскі.
У выніку яны высьветлілі, што яхта адхілілася ад курсу, каб зайсьці ў польскія воды. Сьледчыя таксама спрабуюць пацьвердзіць, што некаторыя ўзятыя зь яхты пробы ДНК належаць «сама меней аднаму ўкраінскаму салдату». Фэдэральнае ведамства па крымінальных справах і канцылярыя прэм’ер-міністра Польшчы пакуль не адрэагавалі на просьбы пракамэнтаваць гэтую інфармацыю.
Некалькі дзён таму газэта The Washington Post паведаміла, што ЗША даведаліся пра пляны Ўкраіны атакаваць «Паўночныя патокі» яшчэ за тры месяцы да нападу. Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў адказ на гэта заявіў, што яго краіна ня мае ніякага дачыненьня да падрыву газаправодаў.