Экспэрты BEROC зрабілі ня вельмі добры прагноз пра курс рубля ў 2024 годзе

Перагрэў беларускай эканомікі ўзмацняе інфляцыйны ціск і нясе новыя пагрозы для яе стабільнасьці. Стрымліваць інфляцыю робіцца цяжэй, а курс беларускага рубля на гэтым фоне можа зьнізіцца.

Гэта прагназуюць эканамісты дасьледчага цэнтру BEROC у новым аглядзе сытуацыі ў эканоміцы, паведамляе партал «Зеркало».

Экспэрты падкрэсьліваюць, што перагрэў беларускай эканомікі ўзмацняе інфляцыйны ціск і пагрозы для стабільнасьці эканомікі. Гэтаму таксама спрыяе хуткі рост заробкаў у Беларусі і паскарэньне інфляцыі ў Расеі.

Адсоткавыя стаўкі па дэпазытах застаюцца ніжэйшымі за нэўтральныя значэньні, заўважаюць эканамісты. Сярэдняя намінальная адсоткавая стаўка па новых тэрміновых рублёвых унёсках у трэцім квартале заставалася паблізу гістарычна мінімальных значэньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Эканоміка страціла 7–8% ад колькасьці занятых», — экспэрты BEROC пра агучаныя ўладамі лічбы эміграцыі беларусаў

Што да рынку валют, то беларускі рубель у трэцім квартале ўмацаваўся. Кошт кошыка трох замежных валют (расейскі рубель, даляр і юань) у трэцім квартале зьнізіўся на 2,4% да мінулага квартала. Гэта значыць, намінальны курс беларускага рубля ўмацаваўся на 4,7%. Але ў той самы час валютны рынак перайшоў да стану чыстага попыту на валюту.

За кошт умацаваньня курсу да расейскай валюты беларускі рубель аказаўся пераацэнены. Гэта дазволіла зьнізіць уплыў росту цэнаў у РФ на беларускі рынак. Але канкурэнтаздольнасьць беларускіх вытворцаў на рынку суседняй краіны ўсё роўна працягвае слабець. «Уплыў пераацэненага рубля на экспарт ня быў выяўлены шмат у чым з прычыны захаваньня высокага попыту з боку вайскова-прамысловага комплексу Расеі і дзеяньня схемаў паставак калійных угнаеньняў і нафтапрадуктаў праз тэрыторыю Расеі», — адзначаюць аўтары аналізу.

У ліпені-верасьні захоўваўся попыт на валюту з боку банкаў і бізнэсу. Збольшага гэта тлумачыцца пагаршэньнем стану зьнешняга гандлю таварамі і паслугамі. Пачалі больш купляць замежную валюту нерэзыдэнты. Гэта эканамісты зьвязваюць з магчымым адтокам капіталу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзяржава хоча паказаць, што імкнецца забіраць у багатых і аддаваць бедным»,— эканамістка Лузгіна

Актыўна нарастала крэдытная запазычанасьць — як бізнэсу, так і насельніцтва. Крэдытная актыўнасьць стала адным з найважнейшых фактараў забесьпячэньня высокіх тэмпаў росту беларускай эканомікі ў трэцім квартале.

Хуткімі тэмпамі расла шырокая грашовая маса — за квартал яна павялічылася прыкладна на 6,8%. Пры гэтым рублёвая грашовая маса вырасла на 7,2% у намінальным выражэньні, або на 5,8% у рэальным. «Залішне мяккія грашова-крэдытныя ўмовы аслабляюць устойлівасьць грашовай масы перад крызіснымі зьявамі», — адзначаюць эканамісты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Больш рэзкае падзеньне рубля магчымае ў наступным годзе». Што далей будзе з далярам у Беларусі

Чаго чакаць у 2024 годзе адносна курсу рубля і цэнаў

Экспэрты BEROC лічаць, што ў 2024 годзе пад ціскам ураду Нацбанк будзе працаваць на стымуляваньне эканамічнай актыўнасьці, адсоўваючы на другі плян інфляцыйныя рызыкі, якія ўзмацняюцца. Паводле іх ацэнкі, інфляцыя можа паскорыцца да 8-10% па выніках наступнага году. «Дасягненьне мэты па інфляцыі ў 6% у 2024 годзе без дырэктыўнага ўмяшаньня ўладаў выглядае праблематычным», — лічаць яны.

З прычыны назапашаных дысбалянсаў «зьбіцьцё» інфляцыйнага ціску можа запатрабаваць рэзкага і маштабнага ўзмацненьня жорсткасьці манэтарнай палітыкі, што будзе балюча для эканомікі і, хутчэй за ўсё, непрымальна для ўладаў, адзначаюць аналітыкі.

Прагназуецца, што беларускі рубель у наступным годзе можа слабець. Але пры адсутнасьці дадатковых шокаў тэмпы аслабленьня нацыянальнай валюты чакаюцца памяркоўнымі — каля 8–9% да кошыка валютаў. У выпадку ўвядзеньня супраць Беларусі новых эканамічных санкцыяў або парушэньня наладжаных лягістычных ланцужкоў беларускі рубель можа абясцэніцца больш. Пазытыўна на курсе беларускага рубля могуць адбіцца поўнае аднаўленьне экспарту ключавых тавараў (угнаеньні, нафтапрадукты, прадукцыя дрэваапрацоўкі) і больш маштабны рост эканомікі Расеі, чым закладзена ў базавы сцэнар.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.