Навошта Лукашэнку палітычныя партыі

Ілюстрацыйнае фота. Збор подпісаў за вылучэньне ў кандыдаты ў прэзыдэнты Сяргея Чэрачня, старшыні партыі БСДГ, травень 2020 году

10 лістапада ўпершыню за 30 гадоў пры ўладзе Аляксандар Лукашэнка сустракаўся зь лідэрамі палітычных партый. Што вельмі адметна. Бо ў той сыстэме, якую ён стварыў, месца партыям увогуле няма. Палітычныя партыі ў аўтарытарным рэжыме асабістай улады — пятае кола дзяржаўнага возу.

Сьцісла:

  • Сам Лукашэнка прызнае, што роля партый у беларускай палітыцы ніякая, узровень даверу да іх у беларускім грамадзтве невысокі.
  • Апазыцыйныя партыі не прайшлі перарэгістрацыю, бо цяпер, паводле Лукашэнкі, апазыцыя як інстытут — гэта экстрэмізм, яе існаваньне — гэта «падрыў асноў канстытуцыйнага ладу».
  • Лукашэнка лічыць, што партыйная сыстэма павінна будавацца зь беларускай спэцыфікай. Але ў чым сутнасьць тае спэцыфікі — незразумела.
  • Паводле Лукашэнкі, партыі павінны «стаць памочнікам улады ў растлумачэньні рашэньняў, якія прымаюцца». Але з гэтай задачай лепш спраўляюцца праўладныя блогеры.

Паколькі ў той сыстэме ўлады, якая створана ў Беларусі, партыі могуць існаваць толькі ў выглядзе дэкарацыі, то сустракацца зь іх лідэрамі ў Лукашэнкі не было ніякай патрэбы. Толькі час марнаваць.

Але 10 лістапада ўпершыню за доўгія гады такая сустрэча адбылася. Ня тое што цяпер абстаноўка ў сэнсе патрэбы ў партыях моцна памянялася. Здавалася б, унутраныя і вонкавыя ўмовы існаваньня рэжыму даволі стабільныя. Аднак чамусьці Лукашэнка не хавае трывогі: «Сытуацыя вельмі напружаная, вельмі небясьпечная. Асабліва калі паглядзець у будучыню, у далягляд. Ніхто сёньня ня можа прадказаць, што будзе заўтра».

У чым Лукашэнка бачыць небясьпеку для сябе, да канца не зразумела. Як і не зразумела, чаму, паводле яго словаў, новы парлямэнт будзе адрозьнівацца ад цяперашняга: «Давядзецца ўзяць на сябе вялікую нагрузку і адыграць сур’ёзную ролю ў будучым разьвіцьці краіны. Калі шчыра, то я нават яшчэ не ўяўляю, якую вялікую, павялічаную ролю давядзецца вам адыграць».

Гэта трохі дзіўна, бо ў рамках цяперашняй палітычнай сыстэмы парлямэнт — такая ж дэкарацыя, як і партыі. І пакуль Лукашэнка пры ўладзе, статус парлямэнту ня можа ніяк памяняцца. Ён ня можа стаць суб’ектам палітыкі, бо ніякіх іншых цэнтраў улады цяперашні ўладар не прызнае.

Уласна, сам Лукашэнка адзначае, што роля партый у беларускай палітыцы ніякая, узровень даверу да іх у беларускім грамадзтве невысокі. А дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Алег Макараў канстатаваў падчас гэтай сустрэчы, што, паводле сацыялягічных апытаньняў, «узаемасувязі паміж партыйным будаўніцтвам і выбарчым працэсам сёньня практычна не праглядаецца». Што ня дзіўна. Калі не існуе ні таго, ні другога, то якая можа быць сувязь паміж неіснуючымі інстытуцыямі і працэсамі?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка патлумачыў, чаму ўсе апазыцыйныя партыі ў Беларусі зьліквідавалі

Варта адзначыць, што дасюль у Беларусі існавалі 15 партый. Прычым апазыцыйныя партыі хоць і не маглі рэальна змагацца за ўладу, аднак былі жывыя, рэальныя, стваралі часам вялікі інфармацыйны шум, які зрэдзьчасу (асабліва падчас прэзыдэнцкіх выбараў) заканчваўся гучным палітычным выбухам.

Цяпер з гэтым пакончана. Лукашэнка пахваліўся, што «ў ходзе перарэгістрацыі мы ачысьцілі партыйнае поле ад... тых, чыя дзейнасьць накіравана на падрыў асноў канстытуцыйнага ладу нашай краіны». І дадаў, што «на працягу доўгага часу пад шырмай „дэмакратычных формаў палітычнага ўдзелу“ фактычна дзейнічалі экстрэмісцкія групоўкі ў мэтах падрыву дзяржаўнасьці». Пасьля «ачысткі» засталіся толькі чатыры праўладныя партыі. Легальнае існаваньне апазыцыі цяпер забаронена.

Тут мы бачым, як памянялася і рэальная сытуацыя, і палітычная рыторыка. Адбылася рэанімацыя савецкай практыкі, калі гаворыцца адно, маецца на ўвазе другое, і трэба чытаць між радкоў. Тое, што кажа Лукашэнка, патрабуе перакладу. То бок цяпер у новым беларускім палітычным лексыконе апазыцыя як інстытут — гэта экстрэмізм, яе існаваньне — гэта «падрыў асноў канстытуцыйнага ладу», «дзяржаўнасьці». Няўжо беларуская дзяржаўнасьць такая кволая, што сама наяўнасьць апазыцыі яе падрывае? Вось жа ў суседніх краінах апазыцыйныя партыі не падрываюць, а ўмацоўваюць канстытуцыйны лад. А чаму ў Беларусі ўсё наадварот?

Што да ўласна партыйнага будаўніцтва. Лукашэнка адзначае, што яно павінна весьціся зь беларускай спэцыфікай. Ён кажа: «Нам ня трэба капіяваць рознага роду тэмы з савецкай, расейскай гісторыі, тым больш заходні досьвед. Мы не ўзнаўляем КПСС, не будуем партыю ўлады, не падзяляем грамадзтва паводле партыйнай прыналежнасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка «не ваюе з жанчынамі», але адкрыў новую жаночую калёнію

То бок савецкі досьвед з кіроўнай роляй камуністычнай партыі Лукашэнка адрынае. Бо гэты досьвед ня ўпісваецца ў мадэль пэрсаналісцкага рэжыму. Не падабаецца яму і расейскі досьвед са статусам «Адзінай Расеі» як «партыі ўлады» — з прычыны таго, што гэтая партыя ня вельмі папулярная, а да таго ж цягне на сябе «коўдру ўлады». І, зразумела, заходні досьвед з рэальнай шматпартыйнасьцю, канкурэнцыяй і дэмакратычнымі выбарамі таксама ніяк не пасуе.

А якая ж беларуская спэцыфіка партыйнай сыстэмы? З разважаньняў Лукашэнкі яна так і засталася не да канца зразумелай. Здаецца, у яго і самога пакуль няма яснага ўяўленьня, што рабіць з гэтымі праўладнымі партыямі, да чаго іх прыстасаваць.

Вось першы сакратар ЦК Камуністычнай партыі Аляксей Сокал заявіў, што «дзяліць парлямэнцкую ці мясцовую ўладу мы ня будзем». То бок змагацца за ўладу, як ва ўсім сьвеце, беларускія партыі не зьбіраюцца. Тады дзеля чаго яны ўвогуле існуюць? Паводле Лукашэнкі, партыі павінны «стаць памочнікам улады ў растлумачэньні рашэньняў, якія прымаюцца». То бок, у перакладзе на зразумелую мову, прапагандаваць палітыку Лукашэнкі. І пры гэтым, як ён лічыць, канкураваць між сабой. То бок канкураваць, хто больш пахваліць Лукашэнку? Дык у гэтай справе праўладныя блогеры дадуць фору любой партыі.

Адным з важных складнікаў посьпеху партыі Лукашэнка лічыць дысцыпліну: «Партыя без дысцыпліны — гэта ня партыя». Але партыя, паводле сваёй прыроды, — гэта найперш саюз аднадумцаў. Гэта не вайсковая частка і нават не працоўны калектыў. Аднак у Лукашэнкі аднолькавыя стандарты, паводле якіх ён ацэньвае каштоўнасьць любых палітычных, грамадзкіх інстытутаў. У такой карціне сьвету дысцыпліна і парадак — гэта аснова жыцьцядзейнасьці грамадзтва. І адступленьня ад гэтых пастулятаў не дапускаецца.