У Польшчы створаная кааліцыя апазыцыйных партыяў

Дональд Туск

Прадстаўнікі галоўных апазыцыйных партыяў Польшчы падпісалі кааліцыйную дамову.

«Пагадненьне — гэта набор арыенціраў для нашага супрацоўніцтва пасьля атрыманьня ад прэзыдэнта краіны магчымасьці фармаваньня ўраду», — заявіў лідэр партыі «Грамадзянская плятформа» і імаверны кандыдат на пасаду прэм’ер-міністра Дональд Туск.

Апроч партыі Туска, у кааліцыю ўвайшлі «Трэці шлях» і «Новыя левыя».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Словы вельмі значныя». Дональд Туск у выступе па выніках выбараў у Польшчы працытаваў беларускага экс-дыплямата Сьлюнькіна

Раней на гэтым тыдні прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда даручыў цяперашняму прэм’ер-міністру Матэвушу Маравецкаму сфармаваць урад. Прэзыдэнт адзначыў, што калі Маравецкаму ня ўдасца сфармаваць кабінэт міністраў, то місія будзе перададзеная Туску.

На парлямэнцкіх выбарах у сярэдзіне кастрычніка кіруючая партыя Польшчы «Права і справядлівасьць» набрала больш за 35% галасоў, а «Грамадзянская плятформа» — крыху больш за 30%. Пры гэтым разам зь іншымі апазыцыйнымі партыямі партыя Туска атрымоўвае ў парлямэнце большасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як зьменяцца стасункі паміж Менскам і Варшавай пасьля польскіх выбараў. Аналіз палітоляга Астапені

Дзьве з трох партый патэнцыйнай кааліцыі выступаюць за лібэралізацыю заканадаўства аб перарываньні цяжарнасьці. Многія ў Польшчы мяркуюць, што новыя ўлады зьменяць заканадаўства аб абортах, якое стала больш жорсткім у 2020 годзе. Папраўкі прывялі да фактычнай немагчымасьці зрабіць аборт у краіне і масавых пратэстаў супраць гэтага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ты мне радзі, а я перазваню», або навошта беларускам аборты