На адкрыцьці мерапрыемства Павел Латушка, паводле прэсавай службы НАУ, заявіў, што дэмакратыя, на яго думку, пачынаецца з адказнасьці. 2020 год, паводле Латушкі, даў магчымасьць беларусам узяць адказнасьць за свой цывілізацыйны выбар, 2020 год — дасягненьне беларускага народу.
«Супраць беларусаў была ўжытая сіла, але беларусы не адказалі на гэта гвалтам. Мы, беларусы, узялі адказнасьць за цывілізаваны выбар. Мы адказныя і сёньня, не перакладаем гэтую адказнасьць на іншых. Але ці ўзяў дэмакратычны сьвет адказнасьць за Беларусь? На жаль, не», — сказаў Латушка.
Павел Латушка лічыць, што пакуль Аляксандар Лукашэнка, якога ён назваў «ваенным злачынцам, чалавекам, адказным за злачынствы супраць чалавечнасьці», ня будзе стаяць пад пагрозай адказнасьці, дэмакратыя ў Беларусі не пераможа.
У выступе Паўла Латушкі прагучала лічба, якою ён ацэньвае колькасьць беларусаў, якія ў Беларусі сталі ахвярамі злачынстваў супраць чалавечнасьці:
«Злачынствы супраць украінскіх дзяцей, ваенныя злачынствы, 136 тысяч ахвяраў злачынстваў супраць чалавечнасьці ў пэрыяд з траўня 2020 па травень 2023 году — матэрыялы перадаюцца ў Міжнародны крымінальны суд. Справы ў нацыянальных юрысдыкцыях па фактах гвалту ў адносінах да беларусаў. Што перашкаджае прыцягненьню да адказнасьці? На мой погляд як юрыста — нічога. Патрэбна палітычная воля. Зрабіце адзін крок. І гэта тэст. Тэст на дэмакратыю. Тэст, які праходзіць ня толькі беларускі народ, але і Эўрапейскі Зьвяз».
Таксама Павел Латушка сказаў, што «дэмакратыя не пераможа, пакуль не наступіць адказнасьць».
А адкрыла канфэрэнцыю дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская. Гэта адбылося дыстанцыйна — самалёт, якім дэлегацыя накіроўвалася ў Талін, зламаўся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская спазьнілася на эстонска-беларускую канфэрэнцыю, бо зламаўся самалёт. Але яна выступіла онлайн- Першая Эстонска-беларуская канфэрэнцыя сабрала каля 250 удзельнікаў, у тым ліку прадстаўнікоў АПК, Каардынацыйнай рады, беларускіх мэдыя, праваабаронцаў, актывістаў, а таксама прадстаўнікоў ураду Эстоніі, экспэртаў, увесь дыпляматычны корпус у Таліне. Канфэрэнцыя арганізаваная эстонскім Міністэрствам замежных спраў разам з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.
- Мэта канфэрэнцыі — абмеркаваць эстонска-беларускія адносіны, стратэгію што да Беларусі, спосабы падтрымкі рэпрэсаваных і палітвязьняў, шляхі прыцягненьня рэжыму Лукашэнкі да адказнасьці.