Літва ў часе свайго старшынства ў Камітэце міністраў Рады Эўропы будзе канцэнтраваць сваю дзейнасьць на ўмацаваньні дэмакратыі ў рэгіёне, а таксама працягне падтрымку дэмакратычнай апазыцыі Беларусі і Расеі і незалежных СМІ.
Як адзначаецца на афіцыйным сайце Міністэрства замежных спраў Літвы, Літва пачне старшыняваць у Камітэце міністраў Рады Эўропы ў траўні 2024 году.
Гэтую тэму міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбэргіс абмеркаваў 10 лістапада на сустрэчы з генэральнай сакратаркай Рады Эўропы Марыяй Пэйчынавіч-Бурыч, якая прыбыла ў Вільню для ўдзелу ў Форуме высокага ўзроўню аб будучыні дэмакратыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэмакратычныя сілы Беларусі атрымалі офіс у будынку Рады Эўропы ў СтрасбургуСытуацыю ў Беларусі Габрыелюс Ландсбэргіс абмеркаваў таксама і са сваім чэскім калегам Янам Ліпаўскім.
«Я рады, што Вільня і Прага падзяляюць місію быць прытулкам для абаронцаў дэмакратыі», — сказаў Габрыелюс Ландсбэргіс на сустрэчы зь Янам Ліпаўскім у Вільні.
У той жа час Габрыелюс Ландсбэргіс адзначыў істотную падтрымку Чэхіяй дэмакратычных сілаў Беларусі, а таксама працу па падтрымцы дэмакратыі, вяршэнства права, абароны правоў і свабод чалавека ў розных рэгіёнах сьвету.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская заклікала міністра замежных спраў Чэхіі зрабіць выключэньні для беларусаў з закона аб візах