Асабліва ён, вядома, не ваюе з палітычна актыўнымі жанчынамі. Менавіта таму ў новую калёнію, прызначаную для тых, каму зьмякчылі пакараньне, ня будуць адпраўляць палітзьняволеных. Усё вельмі «лягічна» і ў найлепшых традыцыях антыўтопій. Як пісаў Джордж Оруэл, вайна — гэта мір, свабода — гэта рабства, няведаньне — моц. А мэта рэпрэсій — рэпрэсіі.
Вы можаце спытаць: «Хіба ж гэта ня добра, што некаторыя жанчыны будуць знаходзіцца ў зьняволеньні ў мякчэйшых умовах?». Гэта было б добра, калі б адну зь існых жаночых калёній закрытага тыпу перарабілі на калёнію-пасяленьне. Тады мы маглі б казаць пра нейкія намёкі на гуманізацыю пэнітэнцыярнай сыстэмы ў Беларусі. Але не, жаночых турмаў проста становіцца больш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі зьявілася новая папраўчая калёнія-пасяленьне для жанчынРаней пры зьмякчэньні пакараньня жанчын накіроўвалі ў зьмяшаную мужчынска-жаночую калёнію-пасяленьне, а цяпер зь яе зрабілі выключна мужчынскую, а выключна жаночую адкрылі асобна. Такім чынам, усё выглядае так, што ў былой зьмяшанай будзе больш мужчын, чым раней, а ў новай жаночай будзе больш жанчын, чым было ў зьмяшанай. І нельга дазволіць рэжыму нас падмануць — сыстэма не становіцца больш гуманнай.
І той факт, што зьмякчэньне ўмоваў магчымае для крымінальных злачынцаў і немагчымае для палітычных зьняволеных, — гэта чарговае нагадваньне, чаго на самой справе вартыя словы Лукашэнкі і ягоных прысьпешнікаў пра народную еднасьць. Жанчына, якая напісала крытычны камэнтар у адрас міліцыянта, ці выйшла на мірную акцыю пратэсту, ці паспачувала родным забітага Андрэя Зельцара, для рэжыму Лукашэнкі небясьпечнейшая за тую, якая кагосьці забіла ці абрабавала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: экс-падпалкоўніка КДБ Храловіча перавялі на турэмны рэжым, журналіста Мажэйку этапавалі ў калёніюХоць асобна варта адзначыць, што ў тых умовах, у якіх сёньня ўтрымліваюць зьняволеных у Беларусі, ня мусяць утрымлівацца ніякія злачынцы. Адсутнасьць доступу да своечасовай якаснай мэдычнай дапамогі, біцьцё, катавальныя ўмовы ў штрафных ізалятарах, прымусовая, фактычна рабская праца, — усяго гэтага ня мусіць быць. Але ўсё гэта ёсьць. І праз гэта праходзяць і мужчыны, і жанчыны. І можна было б не рабіць асобнага акцэнту на жанчынах, бо правы чалавека датычаць усіх без выключэньня, але менавіта рэжым Лукашэнкі зь ягоным патрыярхальным укладам так шмат гаворыць пра асаблівае стаўленьне да жанчын. Чыноўнікі і чыноўніцы называюць нас мілымі стварэньнямі, гавораць пра сьвятасьць мацярынства і сьцьвярджаюць, што абараняюць нас, забараняючы асобныя віды працы.
І калі яны настойваюць на тым, што да жанчын павінна быць асобнае стаўленьне, я лічу, што пытаньні і патрабаваньні да іх мусяць быць у адпаведнасьці з гэтай іх лёгікай. Але ж не. Як плаціць роўны заробак за роўную працу, дык жанчыны — асаблівыя стварэньні, да якіх мусіць быць іншы падыход. А як арыштоўваць і саджаць у турму ў палітычнай справе, дык аніякіх прывілеяў.
Зрэшты, у гэтым уся сутнасьць і патрыярхату, і рэжыму Лукашэнкі. Падман, падман і яшчэ раз падман.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.