«Паўночнае зьзяньне» праходзіць дзявяты раз. Сёлета фільмы будуць у вольным доступе онлайн, а паглядзець кіно офлайн можна будзе ў Вільні і Таліне.
- Воля Чайкоўская — рэжысэрка, прадусарка, заснавальніца і дырэктарка кінафэстывалю «Паўночнае зьзяньне», онлайн-кінатэатру VODBLISK, сузаснавальніца Беларускай незалежнай кінаакадэміі (BIFA).
Слоган сёлетняга фэсту — «УВАГА АДЛЕГЛАСЬЦЬ». Да кожнага году фэстывалю Воля Чайкоўская таксама рыхтуе адмысловы маніфэст, і гэтым разам ён атрымаўся ў форме верша, вось яго ўрывак:
Мы падзеленыя на тых,
хто зьехаў,
і тых,
хто застаўся.
Хаця мы ўсё яшчэ, як і раней, адзін бясстрашны народ.
«Тэма, якую мы закранаем у маніфэсьце, — гэта падзеленасьць паміж беларусамі, нават геаграфічная. Хтосьці ня можа паехаць дадому, а нехта ўнутры краіны працягвае жыць у складаных умовах і адчувае сябе забытым. І для таго, каб падымаць такую балючую побытавую тэму на іншы ўзровень, паглядзець іначай, сам сабой нарадзіўся верш».
Воля кажа, што вельмі доўга не магла ўзяцца за напісаньне маніфэсту, бо хацела, каб тэкст гаварыў пра складаныя тэмы, фіксаваў балючую рэчаіснасьць, але адначасова аб’ядноўваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ўжо не пра кіно, а пра ідэалёгію». Што сёлета адбываецца з фэстывалем «Лістапад»«Паміж словамі „УВАГА АДЛЕГЛАСЬЦЬ“ няма ніякіх знакаў прыпынку менавіта для таго, каб можна было счытваць, інтэрпрэтаваць так, як чалавек сам хоча. Нейкім чынам я так перакладаю адказнасьць на чытача для таго, каб надзяліць яго большай сілай, усьвядомленасьцю. Бо чалавек, які мае адказнасьць, мае і сілу».
Фэстываль зноў гаворыць на складаныя тэмы, глядзіць на сытуацыю, якая склалася, рэалістычна, але і аптымістычна, дадае Воля.
«Мы як беларускі незалежны кінафэстываль адлюстроўваем гэтыя выпрабаваньні, бо мы таксама ў нейкім сэнсе — прадукт эпохі, канкрэтнага часовага прамежку, у якім мы жывём. І, вядома, надзея ёсьць на аб’яднаньне сэнсавае, сутнаснае, духоўнае, калі мы можам знайсьці паразуменьне на новым узроўні. Ва ўсіх слоганах і маніфэстах „Паўночнага зьзяньня“ ёсьць пасыл пра тое, што трэба ўспрымаць складанасьці і выпрабаваньні як новыя магчымасьці».
«Неймаверна, як праца на адлегласьці можа аб’ядноўваць»
Падрыхтоўка да фэстывалю праходзіць вельмі інтэнсіўна, кажа Воля. Сябры каманды працуюць з розных краін.
«Неймаверна, як праца на адлегласьці можа аб’ядноўваць, у нас нараджаюцца нейкія свае жарты, мэмы. Гэта сапраўды цікавая руплівая праца. Я кайфую такой камандай кіраваць і зь ёй працаваць».
Дырэктарка фэстывалю падкрэсьлівае, што сёлета ён будзе шмат чым адрозьнівацца ад леташняга. І першая навіна — сёлета пераможцы беларускага конкурсу, у якім удзельнічаюць 12 фільмаў, атрымаюць грашовую ўзнагароду.
«У нас будуць новыя сябры журы. У беларускім конкурсе гэта вельмі буйное імя зь міжнароднай кінаіндустрыі — Дэніс Ру, старшыня Эўрапейскага кінарынку „Бэрлінале“, які нас падтрымаў у стварэньні Кінаакадэміі. Плюс у нас упершыню будзе конкурс дэбютаў міжнароднай праграмы, іх таксама будуць ацэньваць журы, сярод якіх беларускія кінавытворцы».
«Паўночнае зьзяньне» шмат увагі ўдзяляе інтэграцыі беларусаў з замежнай кінаіндустрыяй. Напрыклад, у Вільні пройдзе офлайн-мерапрыемства для кінэматаграфістаў у стылі «кароткіх спатканьняў».
«Мы хочам пазнаёміць беларускіх кінавытворцаў зь літоўскімі кінапрафэсіяналамі, каб можна было пераняць досьвед, задаць пытаньні, папрасіць дапамогі ў нейкіх канкрэтных кінапраектах».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фільм беларускіх рэжысэраў увайшоў у шорт-ліст прэміі Эўрапейскай кінаакадэмііПрасоўваньне Беларусі і незалежнага кіно
Сёлета на фэстывалі будзе міжнародная праграма — больш за 20 фільмаў. І асобная паўнавартасная кароткамэтражная праграма скандынаўскага кіно.
Адкрые кінафэстываль 13 лістапада стужка «Сэрца творцы».
«Яна пра мастачку з Фарэрскіх астравоў, якая пісала партрэт каралевы Даніі. Мастачка такая прымітывістка, самавучка. Фільм дакумэнтальны і вельмі стылёвы».
Закрываць фэстываль будзе фільм «І сказаў кароль: што за цуд-машына!» , рэжысэраў Аксэля Даніельсана і Максімільена Ван Эртрыка.
«Ён вельмі зойдзе беларусам, бо там расказваецца пра тое, як адбываюцца маніпуляцыі ў сродках масавай інфармацыі, у мэдыйным, лічбавым сьвеце».
На фэстывалі пакажуць дакумэнтальны эстонска-ісьляндзкі фільм «Сястрынства лазьні па-чорнаму», яго рэжысэрка Анна Хінтс прадстаўляе Эстонію ў барацьбе за Оскар.
«Мы хочам зрабіць дыскусію з апэратарам гэтага фільму, бо там вельмі цікавыя здымкі. Фільм зьняты ў саўне з аголенымі эстонскімі жанчынамі. Будзем размаўляць з апэратарам, як ён у дыме, у пары, у гэтай вільгаці здымаў».
Яшчэ адзін цікавы фільм, адзначае Воля, «Хворая дзяўчына» нарвэскага рэжысэра Крыстафэра Борглі.
«Вельмі цікавая гісторыя зь неймаверна кляснай акторскай, грымёрскай працай. Фільм пра дзяўчыну, якая займаецца самапашкоджаньнем: калечыць сябе, бо хоча прыцягнуць да сябе ўвагу. Фільм аб псыхалягічных праблемах, якія вядуць да пэўных трансфармацый мэнтальных і фізычных. Сьмешная, трагічная, крутая карціна, таленавіта зробленая».
Таксама хочуць зрабіць асобную імпрэзу з грымёрам фільму.
«Там вельмі складаная грымёрская праца. Там трэба было шмат папрацаваць з тварам галоўнай гераіні, бо яна сабе яго моцна калечыла, палівала кіслатой. І мы хочам, каб беларуская візажыстка ці візажыст пагаварылі з нарвэскім, як гэта працуе ў кіно».
Будзе і вялікая дыскусія пра аўтарскія правы ў кіно з Марыяй Колесавай-Гудзілінай і дыскусія пра беларускае кіно з удзелам беларускіх кінавытворцаў.
«Паразмаўляем пра Беларускую незалежную кінаакадэмію і пра беларускую праграму на фэстывалі „Паўночнае зьзяньне“, агулам пра стан беларускага кіно, асаблівасьці нашай кінавытворчасьці: як абмежаваньні, якія ў нас існуюць, уплываюць на творчы працэс, на прадакшн».
Таксама ў Вільні і Таліне пакажуць фільм «Радзіма» беларускіх рэжысэраў Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзякі. На фэстывалі будзе вялікая ўкраінская праграма, у калябарацыі з фэстывалем дакумэнтальнага кіно Docudays UA. У Таліне «Зьзяньне» адбываецца ў калябарацыі з буйным фэстывалем «Чорныя ночы».
«Яны нам даюць прасторы, уключаюць паказы беларускай праграмы ў афіцыйную сваю праграму. І гэта вельмі здорава, бо „Чорныя ночы“ — гэта кінафэстываль клясы А і, паказваючы там беларускую праграму ў межах „Паўночнага зьзяньня“, мы таксама робім вялікую працу ў прасоўваньні Беларусі і беларускага незалежнага кіно».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Некаторыя кажуць: „Сяргей такі самы, як Лукашэнка“. Не-не-не!» Адвакатка расказвае падрабязнасьці закрытага працэсу Ціханоўскага«Мяне натхняе жыцьцё»
Воля кажа, што для яе важна працягваць рабіць «Паўночнае зьзяньне», бо гэты фэстываль натхняе гледачоў і кінавытворцаў.
«Мяне натхняе жыцьцё. Жыцьцё такое складанае і кароткае, хочацца рабіць нешта карыснае, важнае, новае, натхняльнае для іншых. Хочацца падтрымліваць традыцыю кінафэстывалю і адначасова трансфармаваць і кожны год рабіць нешта новае, цікавае, дзёрзкае».
Поўную праграму кінафэстывалю можна знайсьці на сайце, у інстаграме «Паўночнага зьзяньня». Усе фільмы можна будзе паглядзець у онлайн-кінатэатры Vodblisk бясплатна зь Беларусі і за невялікую суму зь іншых краін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Беларускі конкурс фэстывалю «Паўночнае зьзяньне» заявілі 59 фільмаў, aмаль палова — гульнявыя ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускi фiльм «Возера радасьці» з лонг-лiста «Оскара» цяпер можна паглядзець онлайн