Як ЦВК Беларусі публікаваў лягатып адзінага дня галасаваньня зь няправільным дзяржаўным сьцягам

Лягатып адзінага дня галасаваньня з памылкай

Цэнтрвыбаркам Беларусі ў сваім афіцыйным тэлеграм-канале прадставіў лягатып адзінага дня галасаваньня. У апублікаваным варыянце быў няправільна намаляваны дзяржаўны сьцяг. На гэта зьвярнула ўвагу выданьне Tochka.by.

Першапачаткова лягатып, апублікаваным ЦВК Беларусі, утрымліваў выяву афіцыйнага сьцягу з вэртыкальным арнамэнтам белага колеру на чырвоным фоне.

Між тым з 1995 году гэты арнамэнт - чырвонага колеру на белым фоне.

На працягу некалькіх хвілінаў у ЦВК зьвярнулі ўвагу на сваю памылку і апублікавалі новую вэрсію лягатыпа — з ужо выпраўленым арнамэнтам.

Сваю памылку ведамства не камэнтавала.

Сэнс лягатыпу ЦВК патлумачыла наступным чынам: «Асноўны візуальны пасыл — выява дзяржаўнага сьцягу Рэспублікі Беларусь і напісаньне чырвоным і зялёным колерамі тэксту „Адзіны дзень галасаваньня“ — сымбалізуе агульнарэспубліканскі характар мерапрыемства, незалежнасьць і свабоду выбару пры прыняцьці рашэньня ў дзень галасаваньня... Дынамічны нахіл шрыфту паказвае накіраванасьць у будучыню, паступальнае разьвіцьцё краіны, стварэньне ў імя будучых пакаленьняў праз усьвядомлены выбар кожнага грамадзяніна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нават на вокладцы». У Беларусі выпусьцілі падручнік па біялёгіі па-беларуску з процьмай памылак
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як нацыянальныя сымбалі сталі дзяржаўнымі