У новую ўстанову масава адпраўляюць асуджаных жанчын з гомельскай ПК № 4 пасьля замены пакараньня на мякчэйшае (для гэтага асуджаныя праходзяць спэцыяльную камісію), паведамляе тэлеграм-канал праваабаронцаў MAYDAY.TEAM. Праваабаронцы адзначаюць, што гэтая мера ня тычыцца палітычных зьняволеных.
Як паведамляецца, у папраўчай калёніі-пасяленьні № 10 зьняволеныя застаюцца без аховы, носяць цывільнае адзеньне, але жывуць у інтэрнатах пад наглядам.
Праваабаронцы маюць зьвесткі ад адной з былых зьняволеных гэтай установы пра тое, што туды водзяць экскурсіі вучняў вайскова-патрыятычных клясаў сярэдніх баранавіцкіх школаў у мэтах «прафэсійнай арыентацыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шыюць форму сілавікам за 20 рублёў у месяц. Былая палітзьняволеная расказала, як працуюць у жаночай калёнііНовая ўстанова зьявілася ў Баранавічах згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі № 319 ад 9 верасьня «Аб аптымізацыі крымінальна-выканаўчай сыстэмы» на месцы папраўчай установы адкрытага тыпу № 52 Упраўленьня дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС па Берасьцейскай вобласьці.
Папраўчая калёнія-пасяленьне № 10 пад Баранавічамі стала трэцяй паводле ліку пэнітэнцыярнай установай для жанчын у краіне. Яшчэ дзьве калёніі закрытага тыпу разьмешчаныя ў Гомлі (калёнія № 4, куды, як правіла, накіроўваюць тых, хто быў асуджаны ўпершыню) і пад Рэчыцай (калёнія № 24, вядомая сваімі жорсткімі ўмовамі ўтрыманьня — сюды трапляюць паўторна асуджаныя).
Агулам у Беларусі 26 папраўчых калёній, яны падзеленыя на некалькі відаў: агульнага рэжыму, узмоцненага ці строгага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзень маці за кратамі. 5 гісторый беларусак, якіх улады разлучылі зь дзецьмі