Вярхоўны суд Беларусі 10 лістапада разгледзець апэляцыю на вырак Дзьмітрыю Маставому, які працаваў у сфэры ІТ і быў затрыманы пасьля атакі на расейскі самалёт А-50 у Мачулішчах.
Як паведаміла выданьне Reform, Маставога абвінавачвалі ў здрадзе дзяржаве і садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці. Паводле гэтых артыкулаў яму пагражала да 15 гадоў пазбаўленьня волі. Справу разглядаў Берасьцейскі абласны суд.
Выданьне зьвяртае ўвагу на тое, што час, калі праходзіў працэс, як і абвешчаны вырак, застаюцца невядомымі.
На дзяржаўнай тэлевізіі заявілі, што Дзьмітры Маставы арганізаваў онлайн-трансьляцыю з аэрадрому, які знаходзіўся недалёка ад ягонага дома. Сьцьвярджалі, што ён падключыў ноўтбук і вёў трансьляцыю праз скайп для маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн». Яго затрымалі, калі ён нібыта забіраў камэру з схованкі. Група «Беларускі Гаюн» заяўляла, што Маставы ня вёў для іх трансьляцыю.
Паводле праваабарончага рэсурсу dissidentby, Маставога асудзілі на 10 гадоў пазбаўленьня волі.
Дзьмітрыя Маставога затрымлівалі ў часе пратэстаў у 2020 годзе, ён адбываў адміністрацыйны арышт. Яму 45 гадоў, мае дваіх дзяцей.
Раней КДБ паведамляў, што ў справе праходзяць каля 30 чалавек і ім пагражае сьмяротнае пакараньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ: Фігурантам крымінальнай справы аб дывэрсіі ў Мачулішчах можа пагражаць сьмяротнае пакараньнеШто папярэднічала
26 лютага 2023 году ByPol і лідэры апазыцыі ў выгнаньні паведамілі, што расейскі самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня і кіраваньня А-50У быў пашкоджаны ў выніку атакі бесьпілётнікаў на авіябазу ў Мачулішчах.
Група ByPol паведаміла пра два выбухі і пашкоджаньне пярэдняй і сярэдняй частак А-50, а таксама антэны радара.
Паводле ByPol, удзельнікі пляну «Перамога» скарысталі для гэтага два дроны кампаніі DJI, якія саматужна пераабсталявалі ў дроны-камікадзэ. Кожны дрон нёс выбуховае рэчыва — 200 грамаў у тратылавым эквіваленце. Скарысталі мэталічныя шары, прыблізна 200 штук на кожны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прапаганда расказала пра затрыманьне чалавека, які нібыта арганізаваў трансьляцыю зь лётнішча ў МачулішчахУвечары 1 сакавіка дзяржаўныя тэлеканалы паказалі відэа з самалётам А-50, сьцьвярджаючы, што ён не пашкоджаны. На ім самалёт рухаецца ў цемры па засьнежанай бэтоннай паверхні аэрадрому.
2 сакавіка праект «Беларускі Гаюн» паведаміў, што расейскі самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня і кіраваньня А-50У з рэгістрацыйным нумарам RF-50608 вылецеў у Расею.
Аляксандар Лукашэнка прызнаў інцыдэнт з расейскім самалётам у Мачулішчах 7 сакавіка, праз тыдзень пасьля здарэньня. Ён паведаміў, што ў Беларусі нібыта затрымалі «тэрарыста ўкраінскіх спэцслужбаў і ягоных паплечнікаў», адказных за інцыдэнт.
Роля самалёта А-50 — ствараць пазнавальную карціну паветранай абстаноўкі і забясьпечваць каардынацыю дзеяньняў зьнішчальнікаў.
Нягледзячы на тое, што пашкоджаньні афіцыйна не пацьверджаныя, брытанская выведка адзначае, што страта А-50 была б значнай для РФ, бо самалёт мае вырашальнае значэньне для расейскіх паветраных апэрацый у стварэньні карціны паветранай прасторы.