Праваабарончы цэнтар «Вясна» запусьціў сайт Prisonart.spring96.org, на якім сабраныя малюнкі, створаныя палітвязьнямі ў ізалятарах, калёніях, турмах і на «хіміі».
На момант публікацыі на сайце сабраныя работы ўжо 61 палітычнага зьняволенага. Сярод іх і вядомыя асобы, як палітык Павал Севярынец, мастак Алесь Пушкін, журналісты Ігар Лосік і Дар’я Чульцова, праваабаронцы Валянцін Стэфановіч і Марфа Рабкова і інш., і менш публічныя, зьняволеныя з палітычных прычынаў.
«Творчасьць за кратамі дапамагае людзям пераключыцца з турэмнага быту і перажываць нялёгкі досьвед зьняволеньня, дакранацца да родных і блізкіх праз выявы, нават падбадзёрваць тых, хто на волі, — пішуць праваабаронцы. — Захаваць малюнкі палітвязьняў важна і таму, што яны ёсьць частка гісторыі барацьбы беларусаў за свабоду, дэмакратыю і правы чалавека».
Як кажуць праваабаронцы, яны паспрабавалі сабраць як найбольш выяваў, але просяць тых, хто мае творы, не адлюстраваныя на сайце, зьвязацца праз пошту viasna@spring96.org.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не хлусі. Не крадзі. Не забівай». Турэмныя вершы беларускіх палітвязьняў