Прэм’ер Партугаліі падаў у адстаўку на фоне карупцыйнага скандалу. У ягонай рэзыдэнцыі ператрусы

Антонію Кошта

Прэмʼер-міністар Партугаліі Антонію Кошта падаў заяву аб адстаўцы прэзыдэнту краіны Марсэлу Рывэлу ды Соза.

Гэта адбылося празь некалькі гадзін пасьля таго, як пракуратура выдала ордэр на яго арышт у рамках расьсьледаваньня справы аб карупцыі. Прэзыдэнт прыняў адстаўку, паведамляе «Настоящее время».

«Годнасьць функцый прэмʼер-міністра несумяшчальная з падазрэньнем у якім-небудзь злачынным дзеяньні. Відавочна, што я падаў заяву аб адстаўцы прэзыдэнту рэспублікі», — заявіў Кошта (цытата паводле CNN Portugal).

Антыкарупцыйнае расьсьледаваньне, пра якое ідзе размова, зьвязана з канцэсіямі на выведку літыю на поўначы Партугаліі, бізнэсам па вытворчасьці экалягічна чыстага вадароду і будаўніцтвам цэнтру апрацоўкі даных у горадзе Сініш.

Незадоўга да таго, як Кошта падаў у адстаўку, паліцыя правяла каля 40 ператрусаў — у тым ліку ў ягонай афіцыйнай рэзыдэнцыі, у офісе кіраўніка адміністрацыі прэмʼера Вітара Эскарыя і ў будынку Міністэрства інфраструктуры і навакольнага асяродзьдзя.

У рамках расьсьледаваньня былі затрыманыя Эскарыя, блізкі сябар Кошты бізнэсмэн Дыёгу Ласэрда Машаду, мэр Сынісу Нуну Маскарэньняс, міністар інфраструктуры Жуан Галамба і прэзыдэнт агенцтва па ахове навакольнага асяродзьдзя Нуну Лакаста.

Кошта фігуруе ў незалежным расьсьледаваньні пракуратуры. Як заявілі ў ведамстве, падчас сьледзтва высьветлілася, што падазроныя «спасылаліся на імя і паўнамоцтвы прэмʼер-міністра» і гаварылі пра ягонае ўмяшаньне дзеля «разблякоўваньня вытворчасьці» ў справах аб літыі і вадародзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская правяла перамовы з прэм’ерам Партугаліі, якая выступае за зьмякчэньне калійных санкцыяў адносна Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы кіраўнік упраўленьня інспэкцыйнай службы Славаччыны раней хаваўся ў Беларусі ад крымінальнага перасьледу на радзіме